«Шахед» пад Гомелем мог быць збіты расейскай СПА
1- 12.01.2025, 9:15
- 8,340

Выбух у раёне аэрадрома «Зяброўка» суправаджаўся выбліскам у небе.
Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» атрымала дадатковыя пацверджанні, што ўначы 8 студзеня пад Гомелем узарваўся расейскі «шахед», і мяркуе, што ён мог быць збіты расейскім падраздзяленнем СПА, піша «Салідарнасць».
Зыходзячы з звестак канала, выбух адбыўся ў 02:02 8 студзеня ў раёне аэрадрома «Зябраўка». Пры гэтым выбух суправаджаўся кароткачасовым выбліскам у небе.
Найбольш верагодна, што роўна ў 02:02 «шахед», які заляцеў з расейскай Бранскай вобласці і накіраваўся ў бок аграгарадка Кругавец-Калініна, далей сапраўды сышоў у кірунку Гомеля, дзе быў збіты.
– Як мяркуецца, дрон быў збіты падраздзяленнем 1530-га зенітнага ракетнага палка Узброеных сілаў Расеі, якое дыслакуецца на аэрадроме «Зябраўка», – паведамляе маніторынгавая група.


Раней гомельскае выданне «Флагшток» сабрала наяўныя звесткі пра гук выбуху, пра які паведамілі жыхары Навабеліцкага раёна і пасёлка Чэнкі 8 студзеня, а таксама ў раёне Зябраўкі.
Пра тое, што выбух мог быць звязаны з падзеннем ударнага беспілотніка, кажа паведамленне ўкраінскага маніторынгавага ТГ-канала, звязанага са службай СПА Украіны, «Рында маніторыць».
Уначы 8 студзеня ў 1:43 паводле менскага часу канал паведаміў пра перасячэнне мяжы Беларусі ўдарным БПЛА. Беспілотнік рухаўся ўздоўж мяжы Расеі і Украіны і ўварваўся паветраную прастору Беларусі праз расейскую мяжу ў 1:43 (у паведамленні пазначана паводле кіеўскага часу) і накіраваўся да пасёлка Кругавец-Калініна.
У каментары «Флагштоку» спецыяліст маніторынгавага канала паведаміў, што ўкраінскімі сродкамі кантролю паветранай прасторы было зафіксавана, што БПЛА перасёк мяжу ў раёне «Трох сясцёр» і даляцеў да Церахоўкі, далей ягоны сігнал быў страчаны.
З улікам таго, што хуткасць палёту найболей распаўсюджанага ўдарнага БПЛА Shahed-136 складае 140–180 км/г, беспілотнік мог даляцець да паўднёвых ускраінаў Гомеля і там з нейкіх чыннікаў упасці, здэтанаваўшы, робяць выснову аўтары «Флагштока».
Афіцыйныя службы начны выбух не каментавалі і ў зводках здарэнняў не ўзгадвалі.
Калі інфармацыя пра інцыдэнт пад Гомелем пацвердзіцца, то гэта будзе трэці выпадак падзення ўдарнага беспілотніка на беларускай тэрыторыі.
Першы быў зафіксаваны ў Гомелі 5 верасня 2024-га, тады падзенне абломкаў БПЛА прывяло да пажару ў тэхнічным будынку.
У пачатку кастрычніка беспілотнік упаў і здэтанаваў у Калінкавічах. У выніку была затрыманая мясцовая жыхарка, якая апублікавала відэа падзення і выбуху. Пры гэтым праўладная прэса паведаміла пра затрыманне, але не пра першапрычыну.