Прэм'ер-міністр Даніі прапанавала Трампу перамовы наконт Грэнландыі
7- 10.01.2025, 10:31
- 2,928
Трамп пакуль не адказаў на яе запыт.
Прэм'ер-міністр Даніі Метэ Фрэдэрыксэн заявіла, што мае намер пагаварыць з новаабраным прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам на фоне яго заяў аб жаданні ўзяць пад кантроль Грэнландыю.
Пра гэта паведамляе Politico.
«Мы прапанавалі размову [з Трампам], і я чакаю, што яна адбудзецца», — сказала яна журналістам у чацвер, 9 студзеня, пасля сустрэчы з іншымі высокапастаўленымі чыноўнікамі Даніі.
Са слоў Фрэдэрыксэн, яна не чакае, што дыялог адбудзецца да інаўгурацыі Трампа 20 студзеня.
Прэм'ер Даніі таксама дадала, што Трамп пакуль не адказаў на яе запыт.
У той жа час яна адзначыла, што няма «ніякіх падстаў меркаваць», што новаабраны прэзідэнт ЗША плануе ўварванне ў Грэнландыю, і падкрэсліла «цеснае супрацоўніцтва» паміж двума хаўруснікамі па НАТА.
Міністр замежных спраў Даніі Ларс Леке Расмусэн таксама пераменшыў пагрозы з боку Трампа.
«Вы можаце ўспрымаць Дональда Трампа сур'ёзна, не ўспрымаючы яго літаральна», - падкрэсліў ён.
Politico са спасылкай на высокапастаўленага грэнландскага палітыка адзначае, што візіт Дональда Трампа-малодшага, старэйшага сына новаабранага прэзідэнта ЗША, у Грэнландыю і яго сустрэча з мясцовымі жыхарамі былі «пастановачнымі».
7 студзеня ён нібыта наведаў востраў і апублікаваў у сацыяльных сетках фатаграфіі з жыхарамі ў адзенні з сімволікай Make America Great Again (MAGA), якія нібыта сцвярджалі, што «Грэнландыя любіць Амерыку і Трампа».
«Данія не клапоціцца пра нас», – сказаў адзін чалавек, калі яго спыталі аб тым, каму цяпер належыць востраў. Іншы проста сказаў: «Набывайце Грэнландыю!».
9 студзеня Трамп апублікаваў адпаведнае відэа ў сваіх сацсетках і падзякаваў «неверагодным народам Грэнландыі» за тое, што яны «так добра ставяцца да яго сына».
Як паведамляецца, падчас свайго візіту на востраў Трамп-малодшы заявіў, што датчане нібыта «выяўляюць расізм у дачыненні да карэнных грэнландцаў».
Фрэдэрыксэн адказала на гэтыя абвінавачанні.
«Нельга сцвярджаць, што ўсе датчане з'яўляюцца расістамі», - сказала яна, у той жа час прызнаўшы, што расізм у дачыненні да грэнландцаў існуе.