Расейскай энэргасістэме зімой пагражае калапс
7- 9.09.2024, 14:45
- 17,206
Нават без масавых нападаў.
Міністр энэргетыкі Расеі Сяргей Цывілёў паскардзіўся, што краіна вычарпала рэзервы ўстойлівасці энэргасістэмы краіны, якія былі створаныя ў часы СССР, а для мадэрнізацыі галіны бракуе сродкаў, таму зімой краіну могуць чакаць цяжкасці.
«Асноўная прычына - недафінансаванне мадэрнізацыі абсталявання і падтрыманне яго ў нарматыўным стане», - заявіў расейскі міністр у інтэрв'ю дзяржагенцтву ТАСС.
Ён удакладніў, што, напрыклад, энэргасістэма Далёкага Усходу Расеі ўваходзіць у асенне-зімовы перыяд без неабходнага рэзерву генерыруючых магутнасцей, у тым ліку праз перанос капрамонту шэрага цеплаэлектрастанцый. Таму існуе высокая рызыка аварый.
У той жа час расейскія энэргетыкі адзначаюць, што праз некалькі гадоў з дэфіцытам электраэнэргіі ў РФ можа сутыкнуцца нават Масква. Да 2030 года расейскай сталіцы пагражае недахоп 1,6 гігаВата магутнасці, а да 2042 года - 4,2 гігаВата. Фізічны знос электрасетак рэгіёну складае амаль 70% для размеркавальных сетак і блізу 50% - для магістральных.