Лукашэнка трызніў перад студэнтамі
30- 3.09.2024, 13:47
- 56,026
Пяць шалёных заяў.
Першы дзень новага навучальнага года Аляксандр Лукашэнка правёў у Віцебскім дзяржаўным універсітэце. Аўдыторыя з размовы з ім магла засвоіць адразу некалькі ўрокаў, піша «Салiдарнасць».
Адзначым, што, на сустрэчу пусцілі, відаць, толькі студэнтаў, лаяльных да рэжыму. Яны так выканалі гімн, што Лукашэнка не стрымаўся:
- Адны ябацькі сабраліся! Усе ведаюць словы гімна!
Урок №1. Як перапісаць падручнікі і перарабіць адукацыю пад сябе
- У маім жыцці было шмат выпадкаў, калі мне даводзілася перарабляць падручнікі, - прызнаўся Лукашэнка. - Не мне самому, а прымушаць навукоўцаў: "Зрабіце нармальны падручнік". Падручнік для мяне - гэта абраз.
Падручнік - гэта аснова навучання. Там павінна быць канцэнтрацыя ўсіх ведаў у прадмеце. І мы шмат-шмат разоў перараблялі гэтыя падручнікі. Я не скажу, што застаюся задаволеным, ужо да сябе крытычна стаўлюся: можа, я залішне патрабавальны да тых, хто піша і стварае гэтыя падручнікі.
Можа, сапраўды ён такім быць павінен... Мне здаецца, у тыя часы, калі я вучыўся, падручнікі былі прасцейшыя і даступнейшыя.
У якасці прыкладу Лукашэнка расказаў, як перарабілі навучальныя праграмы ў эканоміцы, дзе раней за аснову бралі "заходні падыход".
- Калі б мы ў Беларусі гэтым шляхам пайшлі (а многія краіны пайшлі гэтым шляхам, якія не маюць такога вялізнага рэсурснага патэнцыялу), мы б загінулі. Тады я накіраваў былога міністра эканомікі рэктарам з адным заданнем: трэба спыніць гэты працэс падзення ў адукацыі, трэба вучыць нашых людзей таму, што нам трэба, і гэта будзе правільна.
І ВНУ - гэта тое, прабачце за нясціпласць, што, калі не створана мной, то перагартана некалькі разоў і адноўлена.
Урок №2. Як апраўдаць невысокі ўзровень жыцця
- Вам давядзецца жыць у гэтым свеце, вам яго будаваць, - звярнуўся дыктатар да студэнтаў. — Я заўсёды гавару з вышыні свайго досведу: лепш жыць крышку бядней, чым ваяваць, як гэта адбываецца за межамі нашай краіны…
Гэта добра, што вы патрабуеце: "Давайце больш, больш". Але трэба не забывацца, што ўсё гэта ствараецца нашымі з вамі рукамі. Я адзін гэта не ствараю. Гэта вы ствараеце, вашыя бацькі. Будзе большая аддача ў эканоміцы - паверце, ніхто не раскрадзе, гэта ўсё будзе вашае, наша супольнае. Але для гэтага трэба проста працаваць.
Урок №3. Як не зважаць на бервяно ва ўласным воку
- Інтэрнэт - вялікі здабытак чалавецтва. Жадаем ці не, ад гэтага нікуды не падзецца. Гэты найвялікшы здабытак. Але, калі ты ўзяў тэлефон, сядзіш тамака з раніцы да вечара, ты павінен умець гэтым карыстацца. Гэтая вельмі сур'ёзная зброя ў руках тых, хто гэтую зброю ствараў і хто ўмее ёй валодаць.
І як толькі гэтая зброя выходзіць з падпарадкавання тых, хто яе трымае ў руках, будзе як з Паўлам Дуравым у Францыі - хутка ўпякуць і забудуцца пра свабоду слова і іншае. Гэта вы павінны разумець і ўсведамляць.
Урок №4. Як заклікаць не шукаць лепшага жыцця
- Не намагайся і не рвіся ў Менск. У Мінску цесна, ты чужы... Мая вам парада — не рвіцеся (у Менск).
Урок №5. Як уседзець на ўсіх крэслах
- У палітыцы часам лепш хлусню і праўду не шукаць. Гэта часам так пераплецена, - падзяліўся досведам Лукашэнкі. І даў параду:
- Ёсць два правілы. Па-першае, трэба разумець сітуацыю і прадмет. Па-другое, не трэба спяшацца. Цярпенне - гэта самае галоўнае. Я не ўзор у гэтым плане.
Я больш эмацыйны: наперад, на барыкады, трэба ўвязацца ў бойку, а потым разбяромся. Часам так было. Але з узростам я ўжо так: думаю, не, трэба перачакаць, трэба паглядзець, потым будзе бачна…
Згадаў Лукашэнка і пра падзеі 2020 года:
- Я нідзе пра гэта не казаў, але сітуацыя была сур'ёзная. Яны ж у нас у Менску толькі блукалі, ну трошкі тут у Віцебску…
Ну вось у 2020 годзе ходзяць, там, на піку 47 тысяч, па-мойму, мы ж іх усіх лічылі. І многія казалі: вось трэба ім паказаць. Я кажу: спакойна. Я разумею, што, калі яны галоўны цэнтар улады захопліваюць, — гэта ўжо сігнал усім, народу, што ўлада памянялася.
Я разумеў гэта. Але я адчуваў: спакойна, не трэба спяшацца. Вось яны хадзілі-хадзілі... Але калі мы іх напужалі каля Палаца Незалежнасці, яны зразумелі, што тут жарты скончыліся - аўтаматы ў руках. Але мы ж ні ў каго не стралялі. Вытрымка, вытрымка... Да апошняга. Калі ўжо цябе пачынаюць забіваць, тады трэба адказваць.