Эканаміст: Беларусы хочуць «згуляць у латарэю» перад дэвальвацыяй
2- 28.09.2024, 17:16
- 7,354
Ці варта?
Менск б'е рэкорды ў продажах кватэр, пры тым, што кошты на нерухомасць набліжаюцца да гістарычнага максімуму. Пра што сведчыць бум на рынку нерухомасці: беларусы вераць у стабільнасць ці рыхтуюцца да дэвальвацыі?
Акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі ўважае, што інвеставаць у жыллё ў Беларусі цяпер - не самая лепшая ідэя, піша «Салiдарнасць».
- Купляць кватэру як інвестыцыю ў Беларусі зараз дрэнны час, - адзначае эканаміст у праграме Зварка-шоў. - Хутчэй за ўсё, мы назіраем інвестыцыйную бурбалку на рынку нерухомасці ў Беларусі. У нас сапраўды моцна разадзьмутыя кошты на нерухомасць. Гэта адбываецца менавіта праз тое, што, з аднаго боку, апераджальнымі тэмпамі растуць заробкі, з другога боку, вельмі мяккая манетарная палітыка - гэта значыць адносна лёгка ўзяць крэдыт.
А магчыма, частка беларусаў яшчэ і верыць у нейкую хуткую дэвальвацыю і хоча згуляць у такую беларускую класічную латарэю «падмані банк — купі кватэру ў крэдыт за дзень да дэвальвацыі».
Зрэшты, ёсць і іншыя прычыны, якімі можа быць абумоўлены рост пакупкі жылля.
- Праблема ў тым, што праз санкцыі, і ўсе праблемы, якія зваліліся на Беларусь пасля 2020 года, магчымасці беларусаў інвеставаць у лепшыя і больш бяспечныя інструменты моцна зменшыліся, - тлумачыць эканаміст. - Вядома, калі ёсць магчымасць вывесці грошы за межы Беларусі і інвеставаць, скажам, у шырокі індэкс акцый, то гэта, значна лепш і надзейней, чым купляць кватэру ў "Мінск-міру".
Аднак шмат для каго з беларусаў такія інструменты сталі недаступныя. Тады ў гэтым выпадку, на думку экспрта, можна разгледзець ўкладанні ў нерухомасць у Беларусі.
- Купляць кватэру, напэўна, лепш, чым захоўваць даляры пад матрацам. Урэшце, з-пад матраца іх з большай верагоднасцю выкрадуць, - тлумачыць Леў Львоўскі.
Аднак эканаміст не рэкамендуе мець спадзяванняў зарабіць на куплі жылля, узяўшы грошы ў крэдыт у чаканні дэвальвацыі.
- Калі мы гаворым пра інвестыцыі ў жыллё, гэта значыць з мэтай зарабіць, то, хутчэй за ўсё, сэнсу ў гэтым няма, - адзначае Леў Львоўскі. - Многія беларусы хочуць зноў згуляць вось у гэтую латарэю. У мяне ў самога ёсць знаёмыя, якія пасля пары дэвальвацый плацілі даслоўна нейкія смешныя грошы па іпатэцы.
Але я б усё ж перасцярог сучасных беларусаў ад такой гульні. Справа ў тым, што ў гэтай гульні вы робіце стаўку на тое, што вы разумнейшыя, чым камерцыйны банк і ўсе яго аналітыкі. Але ў банку таксама сядзяць не нейкія пакрыўджаныя розумам людзі. Яны вылічваюць стаўкі і рызыкі так, каб банк таксама не апынуўся ля пустога карыта.
І калі вы бераце крэдыт, чакаючы дэвальвацыю, вы даслоўна робіце стаўку на тое, што пралічылі будучыню лепш, чым цэлы аддзел, які складаецца з 20-30 аналітыкаў, якія па 8 гадзін у дзень абдумваюць і пралічваюць гэтыя рызыкі.
Ну а той факт, што ў кагосьці раней быў станоўчы досвед такіх інвестыцый, аналітык пракаментаваў наступным чынам:
- А ёсць гістарычны досвед выжывання пасля еўрапейскай чумы. Тады таксама станоўчы гістарычны досвед захаваўся ў тых, хто выжыў. Але не ўсе выжылі.