«Мяне ахапіла паніка: ёй усяго дзевяць гадоў»
19- 28.09.2024, 16:24
- 44,184
Беларуска, чыя дачка трапіла ў польскую бальніцу, дэталёва расказала пра медыцыну ў гэтай краіне.
Дачка чытачкі сайта Charter97.org, якая жыве ў польскім Беластоку, патрапіла ў лякарню. Беларуска падрабязна расказала, як выглядае лячэнне ў Польшчы:
- Часам здараюцца ў жыцці непрыемныя сітуацыі. Мая дачка ўлетку патрапіла ў лякарню з пнеўманіяй. Калі я даведалася, што давядзецца лячыцца не дома, а ў медычнай установе, то мяне ахапіла паніка: ёй дзевяць гадоў, а гэта значыць, што яна павінна ляжаць у бальніцы адна!
Дачка хутка патрапіла ў лякарню. Перш за ўсё - зрабілі тэсты на ковід і грып (вынік - адмоўны), адразу адправілі на здымак, хоць было ўжо гадзін 9 вечара. Здымак паказаў двухбаковае запаленне з высокай ступенню пашкоджання лёгкіх. Стала зразумела, што са шпіталя нас выпусцяць толькі пасля лячэння.
Найперш кінулася ў вочы, што ўсе дзверы маюць электронныя замкі. Ніхто чужы зайсці не можа. Дачцы на руку надзелі бранзалетку з кодам. Спытала, для чаго? Гэта такая перасцярога для лекараў: калі раптам дзіця дзесьці згубіцца, то код падкажа супрацоўнікам, у якім аддзяленні і палаце яно знаходзіцца.
Дачку паклалі ў двухмесную палату. Тут хочыцца звярнуць увагу даслоўна на кожную дэталь. Найперш - ложак: спінка паднімаецца на 90 градусаў, калі ўдзень ты не спіш, то можна зручна сядзець. Над ложкам вісіць кабель з трыма кнопкамі. Адна - каб паклікаць персанал на дапамогу, дзве астатнія - запаліць маленькае і вялікае святло. Над галавой палічка і разетка, каб можна было пакласці і падсілкаваць тэлефон.
Далей - тумбачка з мноствам шафак.
Узбоч тумбачкі высоўваецца столік, калі ляжыш пад кропельніцай, а прыносяць абед, то не трэба займацца акрабатычнымі хітрасцямі - табе дастаюць столік, рэгулююць вышыню - калі ласка, смачна есці. Дарэчы, ежу кожнаму прыносяць у палату.
Як толькі дачку паклалі ў шпіталь, узялі аналізы. Усе ўсміхаюцца. Калі дачка плакала, то лекарка спрабавала яе суцешыць, звярнуўшы ўвагу на свой абутак, які быў упрыгожаны налепкамі і маленькімі цацкамі.
На ноч мне прапанавалі застацца з дачкой. У палаце стаяла крэсла-раскладанка, каб можна было спакойна легчы і спаць.
Раніца тут пачынаецца а 7.30, тым часам прыйшлі зрабіць дадатковыя аналізы і паставіць кропельніцы.
У першы ж дзень прынеслі запакаваны, новы трэнажор для дыхання. Затым у кожнай з пацыентак на тумбачцы з'явіўся інгалятар.
Сцены ў палаце былі размаляваныя героямі з кнігі пра Віні-Пуху, а падлога мела зялёны колер з рознымі адценнямі, што стварала ўражанне травы.
У палаце была і свая прыбіральня з сантэхнікай ROCA. У санвузле - туалетная папера, мыла і папяровыя ручнікі, душавая кабінка, якая зачынялася, каб пасля прыняцця душа не стаяла лужына вады.
Асвоіўшыся ў палаце, пайшлі вывучаць, што ж ёсць вакол. Асобны пакой для бацькоў, а ў ім стол, крэслы, мікрахвалёўка, лядоўня. Тут бацькі маглі падагрэць прынесеную з дому ежу для дзяцей.
Пакой для дзяцей. Стаялі там палічкі з кніжкамі на розны ўзрост і густ, ляжалі шматлікія каробкі з пазламі і рознымі цацкамі. Вісеў вялізны тэлевізар, была лядоўня для дзетак, сталы і крэслы, калі раптам захочацца памаляваць ці пагуляць у настольныя гульні.
Бацькі ў шпіталі маглі знаходзіцца 24 гадзіны на дзень! Не мае значэння, калі прыходзіш, хоць апоўначы. Ніхто не будзе пытацца, чаму ты «соўгаешся», проста адчыняць дзверы.
Уразіў мяне і персанал. Лекарка рэгулярна тэлефанавала, запрашала прыйсці да яе ў кабінет, каб распавесці, як праходзіць лячэнне.
У маёй дачкі быў вялікі спіс лекаў, усе ўводзіліся ў вену, таму не даводзілася штодня перажываць стрэс ін'екцый, а пасля прыкладаць "капустныя лісты", каб прыбраць сінякі.
Розніца з беларускімі бальніцамі вялізная. У чым прычына гэтага - кожнаму разумнаму чалавеку відавочна.