27 верасня 2024, Пятніца, 2:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Захад асудзіў «ядзерную» рыторыку Пуціна

14
Захад асудзіў «ядзерную» рыторыку Пуціна

Ядзерныя пагрозы з боку расейскіх уладаў гучаць з першых дзён вайны.

Уладзімір Пуцін анансаваў змену ядзернай дактрыны. Калі прапанаваныя ім праўкі будуць прынятыя, яны дазволяць Расеі выкарыстоўваць ядзерную зброю супраць Украіны ў выпадку выкарыстання УСУ дальнабойнай заходняй зброі па цэлях на расейскай тэрыторыі. У Еўропе ўжо асудзілі гэтую рыторыку.

Магчымая змена дакумента, які сцвярджае «Асновы дзяржаўнай палітыкі Расейскай Федэрацыі ў вобласці ядзернага стрымлівання» або прасцей кажучы ядзернай дактрыны стала, імаверна, самай гучнай часткай выступу расейскага лідара на пасяджэнні Савета бяспекі РФ. Са слоў Пуціна, ядзерныя сілы застаюцца ключавым гарантам бяспекі краіны, таму ядзерная дактрына Расеі павінна рэгулярна абнаўляцца ў адказ на змены сітуацыі.

Рэформа дактрыны на першы погляд не падаецца фундаментальнай і шмат у чым зводзіцца да пашырэння катэгорыі дзяржаў і вайсковых хаўрусаў, у дачыненні да якіх Расея будзе праводзіць ядзернае стрымліванне і дапаўненне пераліку ваенных пагроз, у выпадку якіх Крэмль будзе гатовы націснуць чырвоную кнопку.

«Хацеў бы асабліва звярнуць вашу ўвагу. У абноўленай рэдакцыі дакумента, агрэсію супраць Расеі з боку ўсякай няядзернай дзяржавы, але з удзелам або пры падтрымцы ядзернай дзяржавы, прапануецца разглядаць як іх супольны напад на Расейскую Федэрацыю», - заявіў Пуцін.

Іншымі словамі, калі Кіеў будзе ўжываць заходнюю дальнабойную зброю па ваенных цэлях на тэрыторыі РФ, Масква будзе разглядаць гэта як супольную агрэсію і пакіне за сабой права ўжыць у адказ ядзерную зброю. Раней Пуцін казаў, што дазвол на такія ўдары будзе азначаць уступленне краін NATO ў вайну супраць РФ. Відавочна, такім чынам Расея спрабуе ў чарговы раз націснуць на заходніх хаўруснікаў Украіны.

У Еўрапейскай камісіі на відавочную спробу ціску адрэагавалі рэзкай крытыкай. Гаворыць афіцыйны прадстаўнік Еўрапейскай камісіі Петэр Стана.

«Мы, натуральна, рашуча не прымаем гэтую пагрозу. Пазіцыя Еўрапейскага Звязу застаецца нязменнай і мы спрабуем данесці яе таксама да нашых партнёраў у міжнароднай супольнасці. Мы паказваем ім на гэтыя безразважныя і безадказныя паводзіны з боку таго, хто прадстаўляе краіну, якая з'яўляецца сталым членам Рады Бяспекі ААН. Краіну, на якую ўскладзеная задача Рады бяспекі падтрымліваць мір ва ўсім свеце. А яна падрывае яго», - сказаў Стана.

Аб расейскай пагрозе заявіў і міністр абароны Нямеччыны Борыс Пісторыус, які ў чацвер наведаў Літву, дзе выступіў перад Сеймам.

«Мы з'яўляемся сведкамі таго, як Расея імкліва нарошчвае вытворчасць узбраенняў і свае ўзброеныя сілы. Усё гэта не пакідае сумневаў у тым, што для пуцінскай Расеі Украіна - гэта толькі пачатак. Ужо сёння Расея спрабуе падарваць адзінства нашай супольнасці, Еўразвяза і NATO, гібрыднымі сродкамі. Сапраўдны вораг Пуціна – скажам гэта цалкам выразна – гэта наш свабодны і незалежны дэмакратычны лад жыцця. Ён баіцца яго», - адзначыў Пісторыус.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда таксама пракаментаваў заяву Пуціна аб магчымасці выкарыстання Расеяй ядзернай зброі.

«Калі мы паглядзім на гэта стрымана і без панікі, то павінна быць зразумела: ён паўтарае тое, што было замацавана ў расейскай вайсковай дактрыне цягам многіх гадоў, што Расея пакідае за сабой права выкарыстоўваць усе сродкі, у тым ліку, вядома, ядзерныя сродкі, якія ёсць у яе распараджэнні, у выпадку пагрозы Расеі... У гэтым няма нічога новага», - адказаў Дуда.

У той жа час Прэзідэнт адзначыў, што менавіта той, хто першым выкарыстоўвае ядзерную зброю, панясе на сабе ўсю адказнасць.

«З іншага боку, Уладзімір Пуцін таксама добра ведае, як і ягоныя генералы, што той, хто першым ужыве ядзерную зброю, пракляты... Яны ніколі не здымуць з сябе гэтую адказнасць, калі ўжывуць ядзерную зброю. Нават у найменшай ступені. Ніколі. Свет ніколі ім гэтага не даруе», - дадаў ён.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен палічыў прапанаваныя прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным змены ядзернай дактрыны краіны «безадказнымі» і «несвоечасовымі».

«Я б параіў зрабіць гэта цяпер, асабліва калі ўвесь свет сабраўся <...>, каб пагаварыць аб неабходнасці большага раззбраення і нераспаўсюджвання», — сказаў ён, маючы на ўвазе Генасамблею ААН.

Ядзерныя пагрозы з боку расейскіх уладаў гучаць з першых дзён вайны. У розны час паведамлялася аб гатоўнасці выкарыстаць гэтую зброю, напрыклад, у выпадку надання Захадам якой-небудзь ваеннай дапамогі Украіне, замаху на так званыя «новыя», а па факце анэксаваныя тэрыторыі, або пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасці РФ.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках