WSJ: Google выплаціла $2,7 млрд для вяртання звольненага IT-генія
11- 25.09.2024, 21:19
- 28,096
Чым адметны гэты чалавек?
Google падпісала чэк на $2,7 млрд, каб вярнуць Наама Шазіра, які ў 2021 годзе звольніўся з кампаніі і запусціў уласны стартап Character.AI, паведаміў The Wall Street Journal са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.
Яны расказалі, што афіцыйна Google заплаціла сродкі за ліцэнзіі на тэхналогіі Character.AI. Але ўгода ўключала палажэнне, што IT-геній вяртаецца ў кампанію. Сёння 48-гадовы Шазір з'яўляецца віцэ-прэзідэнтам Google, якая працуе над стварэннем сваёй самай магутнай тэхналогіі штучнага інтэлекту – Gemini. І ў Google распаўсюджанае меркаванне, што вяртанне Шазіра было асноўнай прычынай, чаму кампанія пагадзілася выплаціць шматмільярдны ліцэнзійны збор, адзначае выданне.
Адзін з суразмоўцаў WSJ паведаміў, што ў рамках угоды Шазір зарабіў сотні мільёнаў даляраў на сваёй дзелі ў Character.AI. Гэтая выплата незвычайна вялікая для заснавальніка, які не прадаў сваю кампанію і не вывеў яе на біржу, зазначае выданне.
Шазір далучыўся да Google у 2000 годзе. У 2017-м ён у суаўтарстве з сямю іншымі даследнікамі Google апублікаваў артыкул «Увага – гэта ўсё, што вам трэба», якая стала асновай для тэхналогіі генератыўнага ШІ. Неўзабаве разам з калегам з Google Даніэлем дэ Фрэйтасам ён стварыў чат-бот Meena. Тады ў запісцы «Meena з'ядае свет» Шазір прадказаў, што чат-бот можа замяніць пошукавую сістэму Google і прынесці трыльёны даляраў прыбытку, расказалі WSJ людзі, знаёмыя з дакументам.
Кіраўніцтва Google адмовілася прадставіць чат-бота публіцы. І ў 2021 годзе Шазір і дэ Фрэйтас сышлі з кампаніі, абвінаваціўшы яе ў бюракратычнай цяганіне пры інтэграцыі тэхналогіі ў прадукты для звычайнага карыстальніка. Яны стварылі Character.AI, які праз пару гадоў прывабіў $150 млн інвестыцый і быў ацэнены на $1 млрд.
На фоне канкурэнцыі з OpenAI і Microsoft Шазір спрабаваў прывабіць больш сродкаў для стартапу. І ў выніку дамовіўся з Alphabet (мацярынская кампанія Google). Character.AI абвясціла пра пагадненне ў жніўні, адзначыўшы, што ў бізнэсе ШІ «ландшафт змяніўся». У выніку ўгоды Шазір, дэ Фрэйтас і блізу 30 супрацоўнікаў Character.AI перайшлі ў Google.
«Наам вярнуўся ў Google, і гэта выдатна», – заявіў з гэтай нагоды сузаснавальнік Google Сяргей Брын, які згуляў ключавую ролю ў пагадненні вяртання Шазіра. Мільярдэр на прэс-канферэнцыі прызнаў, што кампанія раней была занадта нясмелай у разгортванні праграмаў ШІ. Але цяпер, паабяцаў ён, Google будзе распрацоўваць і запускаць тэхналогіі ШІ так хутка, як толькі можа.