25 верасня 2024, Серада, 18:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-мэра Сочы, які ўцёк ад крымінальных спраў на вайну з Украінай, затрымалі

2
Экс-мэра Сочы, які ўцёк ад крымінальных спраў на вайну з Украінай, затрымалі

І этапавалі ў Маскву.

У самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспубліцы» (ЛНР) затрымалі былога мэра Сочы Аляксея Капайгародскага, які з'ехаў добраахвотнікам на вайну з Украінай пасля сваёй адстаўкі чатыры месяцы таму. Пра гэта паведаміла«Інтэрфаксу» крыніца ў «ЛНР». З яе слоў, Капайгародскага ўжо этапавалі ў Маскву, у дачыненні да яго вядуцца следчыя дзеянні.

Паводле папярэдніх звестак, экс-мэра падазраюць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і махлярстве, піша «Комсомольская правда». Паводле звестак праўладных тэлеграм-каналаў, Капайгародскі быў замяшаны ў адмыванні больш чым 600 млн расейскіх рублёў на ліпавых дзяржкантрактах разам з намеснікам начальніка ГУ МНС Расеі Краснадарскага краю Сяргеем Сіманенкам, якога затрымалі раней. Таксама прозвішча экс-мэра фігуравала ў справе яго дарадцы Рамана Пішчура, западозранага ва ўдзеле ў АЗГ, якая вымагала грошы за месцы на гарадскіх могілках.

Дома ў Капайгародскага прайшлі ператрусы. У экс-чыноўніка знайшлі 12 зямельных надзелаў, шыкоўны катэдж, кватэру плошчай 300 м ², дзевяць нежылых будынкаў і тры іншамаркі: Land Rover, Mercedes-Benz, Hyundai Santa Fe. Амаль усю нерухомасць ён аформіў на дзяцей і жонку Анастасію Грэдзіну, якую выклікалі на допыт у Следчы камітэт. На падлікі Mash, агульны кошт актываў толькі ў валоданні жонкі і яе бацькоў складае 724 млн рублёў.

Таксама ператрусы прайшлі ў кіраўніка Хостынскага раёна Сочы Івана Савіна і двух былых чыноўнікаў мэрыі, у тым ліку экс-намесніка кіраўніка горада Алега Бурлева.

Капайгародскі стаў мэрам Сочы ў верасні 2019 года і нечакана пайшоў у адстаўку ў траўні гэтага года «ў сувязі з пераходам на новае месца працы». Аднак ніякіх прызначэнняў з таго часу не было. Інфармацыя аб тым, што ён бярэ ўдзел у вайне супраць Украіны на афіцэрскай пасадзе, з'явілася блізу двух тыдняў таму. СМІ пісалі, што былы кіраўнік горада мог уцячы на фронт праз праблемы з праваахоўнымі органамі і крымінальнай справай.

Капайгародскі мае вайсковую адукацыю. У 2008 годзе ён скончыў Краснадарскую вышэйшую вайсковую вучэльню імя генерала арміі С. М. Шцеменкі па спецыяльнасці «Комплексная абарона аб'ектаў інфарматызацыі». У 2012 годзе Капайгародскі атрымаў юрыдычную адукацыю, а яшчэ праз тры гады скончыў Расейскую акадэмію народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы (РАНХіГС) пры прэзідэнце Расеі па спецыяльнасці «Дзяржаўнае і муніцыпальнае кіраванне».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках