22 верасня 2024, Нядзеля, 22:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На саміце ў Нью-Ёрку прынялі план рэформы ААН

13
На саміце ў Нью-Ёрку прынялі план рэформы ААН
ФОТА: VALERY SHARIFULIN/TASS/PICTURE ALLIANCE

Беларусь і РФ спрабавалі заблакаваць Пакт у імя будучыні.

Нягледзячы на супраціў Расеі, на Саміце будучыні ў Нью-Ёрку зацвердзілі распрацаваны пад кіраўніцтвам Нямеччыны план рэформаў ААН. Старшыня Генеральнай Асамблеі ААН Філемон Янг у нядзелю, 22 верасня, абвясціў Пакт у імя будучыні прынятым, паведамляе DW.

Расея паспрабавала заблакаваць Пакт у імя будучыні

Расея дыстанцыявалася ад пагаднення, якое павінна быць прынятае аднагалосна. У пачатку цырымоніі зацвярджэння пакта прадстаўнік Масквы – намеснік міністра замежных справаў РФ Сяргей Вяршынін – па-за планам папрасіў слова і заявіў пра неабходнасць унесці дадатковыя змены ў тэкст дакумента, які быў загадзя ўзгоднены падчас шматмесячных кансультацый. Тым самым ён паставіў пад пытанне фармальнае зацвярджэнне дакумента ўсімі 193 краінамі, якое меркавалася ажыццявіць без галасавання.

Пры гэтым Вяршынін прыгразіў «дыстанцыявацца ад кансэнсусу ў гэтым дакуменце», калі патрабаваная Расеяй папраўка не будзе ўключаная ў тэкст Пакта ў імя будучыні, цытуе dpa. Ён заявіў, што краінам, якія не былі задаволеныя кампрамісным варыянтам дамовы, не далі магчымасці для далейшых абмеркаванняў.

143 краіны ААН пераадолелі супраціў РФ

Пасля гэтага прадстаўнік Конга ўнёс так званае хадайніцтва пра неразгляд, і 143 краіны прагаласавалі за тое, каб не разглядаць запыт РФ і тым самым яго адхіліць. Супраць, акрамя Расеі, выступілі Беларусь, Нікарагуа, Паўночная Карэя і Сірыя.

Крыху пазней удзельнікі саміту ААН афіцыйна прынялі Пакт у імя будучыні. Паводле словаў генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша, дакумент «адкрывае шляхі да новых магчымасцяў і шанцаў у імя міру і бяспекі». Размова ідзе пра важны крок у рэфармаванні міжнароднага супрацоўніцтва і да больш справядлівага свету, дадаў ён.

Саміт будучыні ААН

Саміт будучыні ў Нью-Ёрку праходзіць 22–23 верасня. На ім мяркуецца прыняць захады, здольныя зрабіць ААН больш эфектыўнай, і рэфармаваць яе створаныя шмат дзесяцігоддзяў таму інстытуты, у тым ліку Раду Бяспекі ААН.

Ключавым дакументам пры гэтым з'яўляецца Пакт у імя будучыні, распрацаваны пры пасярэдніцтве Нямеччыны і Намібіі. Ён уключае ў сябе тэмы ўстойлівага развіцця, міжнароднай бяспекі, супрацоўніцтва ў галіне навукі, тэхналогій і інавацый, праблемаў моладзі і будучых пакаленняў, а таксама трансфармацыі глабальнага кіравання. Дыскусіі пра пункты дакумента вяліся з пачатку 2024 года.

Раней да рэформаў ААН заклікаў генеральны сакратар арганізацыі. На думку Гутэрыша, гэта неабходна, каб супольнасць дзяржаваў мела больш магчымасцяў дзейнічаць перад шматлікімі крызісамі і войнамі, а таксама каб дамагчыся большай справядлівасці ў свеце. Патрабаванні пра неабходнасць рэформы ААН і, сярод іншага, скасаванне права вета ў Радзе Бяспекі, узмацніліся на фоне вайны Расеі, якая з'яўляецца сталым чальцом РБ, супраць Украіны.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках