22 верасня 2024, Нядзеля, 20:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна запытала яшчэ два тыпы знішчальнікаў у заходніх краінаў

2
Украіна запытала яшчэ два тыпы знішчальнікаў у заходніх краінаў

Кіеў вядзе перамовы пра пастаўкі знішчальнікаў Gripen і Eurofighte.

Кіеў вядзе перамовы з заходнімі дзяржавамі пра пастаўкі знішчальнікаў Gripen і Eurofighter, паведаміў кіраўнік украінскай ваеннай установы Рустэм Умераў.

«Цяпер у нас ужо ёсць ад партнёраў тое, што яны даюць нам абавязальніцтва ў F-16, таксама даюць Mirage-2000. Прадаўжаюцца перамовы пра знішчальнікі Gripen і Eurofighter Typhoon. Хутка будуць вынікі, якія мы зможам анансаваць», – сказаў тэлеканалу «Рада».

Ён дадаў, што Украіне неабходная вялікая колькасць самалётаў для дасягнення перавагі ў паветры.

У канцы траўня Швэцыя замарозіла пастаўку знішчальнікаў Gripen. Міністр абароны каралеўства Пол Ёнсан казаў, што пастанова прынятая на просьбу хаўруснікаў, якія працуюць над пастаўкамі самалётаў F-16.

Першыя F-16 ужо паступілі ў краіну, пра іх баявое выкарыстанне паведамляў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. 26 жніўня быў страчаны першы F-16, пры крушэнні загінуў пілот Аляксей Месь. Сярод прычынаў аварыі называюцца памылка пілота і сяброўскі агонь.

Eurofighter Typhoon – шматмэтавы знішчальнік 4-га пакалення, распрацаваны еўрапейскім кансорцыумам Eurofighter GmbH. Першы палёт самалёт здзейсніў у 1994, масава эксплуатуецца з 2003 года. Ён стаіць на ўзбраенні Аўстрыі, Нямеччыны, Італіі, Гішпаніі, Вялікай Брытаніі, Катара, Кувейта, Саудаўскай Аравіі і Амана. Знішчальнік прызначаны для заваёвы панавання ў паветры. Кошт аднаго самалёта – $120 млн.

JAS 39 Gripen мае падобныя характарыстыкі і таксама з'яўляецца знішчальнікам 4-га пакалення. Ён быў распрацаваны швэдскай кампаніяй Saab. Самалёт быў прыняты на ўзбраенне ВПС каралеўства ў 1997 годзе. Знішчальнік здольны выконваць разнастайныя задачы і несці розныя тыпы ўзбраенняў, у тым ліку высокадакладныя бомбы, крылатыя і супрацькарабельныя ракеты. Скарачэнне JAS расшыфроўваецца як Jakt (знішчальнік), Attack (штурмавік) і Spaning (выведнік).

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках