22 верасня 2024, Нядзеля, 18:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Краіны G20 заклічуць рэфармаваць ААН і СГА

6
Краіны G20 заклічуць рэфармаваць ААН і СГА

На рэформе глабальных інстытутаў настойвае прэзідэнт Бразіліі.

Краіны G20 на сустрэчы міністраў замежных справаў, якая пройдзе ў сераду, 25 верасня, заявяць, што Арганізацыя Аб'яднаных Нацый і Сусветная гандлёвая арганізацыя «тэрмінова маюць патрэбу ў рэформе», паведамляе Bloomberg са спасылкай на праект камюніке саміту.

Тое самае датычыцца і брэтан-вудскіх інстытутаў, да якіх адносяцца Міжнародны валютны фонд і Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця. Яны былі сфармаваныя паводле вынікаў міжнароднай канферэнцыі, якая праходзіла ў ліпені 1944 года ў Брэтан-Вудс, ЗША.

У трохстаронкавым дакуменце міністры заклічуць пашырыць колькасць сталых чальцоў Рады бяспекі ААН (цяпер іх пяць: Вялікая Брытанія, Кітай, Расея, ЗША і Францыя). З аналагічнай прапановай выступаюць і лідары Чатырохбаковага дыялогу ў бяспецы (QUAD; Аўстралія, Індыя, ЗША і Японія), якія мяркуюць, што ў Раду бяспекі трэба ўключыць прадстаўнікоў Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна.

Кіраўнікі МЗС краінаў G20 таксама прапануюць пашырыць фінансаванне краінаў, якія сталі на шлях развіцця, і заявяць, што абноўленая палітыка СГА павінна «дазволіць гандлю і інвестыцыям стаць рухавіком росту і росквіту».

На рэформе глабальных інстытутаў даўно настойвае прэзідэнт Бразіліі Луіс Інасіу Лула да Сілва, краіна сёлета старшынюе ў G20. Як піша Bloomberg, супольная заява стане крокам у гэтым кірунку, хоць удзельнікі G20 не пазначылі нейкіх тэрмінаў.

Пра тое, што Раду бяспекі ААН і Брэтан-Вудскую сістэму трэба прывесці ў адпаведнасць з «рэаліямі сённяшняга свету», заяўляў і генеральны сакратар арганізацыі Антоніу Гутэрыш, указаўшы, што абодва інстытуты адлюстроўваюць суадносіны сілаў 1945 года. Пра неабходнасць рэформаў гаварылі і ЗША, якія прапаноўвалі рэзалюцыю аб ужыванні права вета, якая будзе прадугледжваць тлумачэнні яго выкарыстання сталымі чальцамі Рады бяспекі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках