23 верасня 2024, панядзелак, 14:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нават не спрабуйце ўцячы»

29
«Нават не спрабуйце ўцячы»

Міністэрства аховы здароўя выпусціла «маніфест» для размеркавальнікаў у медычных ВНУ.

Учора на БелТА з'явіўся артыкул, які можна смела назваць «маніфестам» Міністэрства аховы здароўя ў дачыненні да сітуацыі з размеркаваннем выпускнікоў медычных ВНУ. Тэма хворая і рэзанансная, яна датычыцца лёсаў дзясяткаў тысяч людзей. Калі адсеяць усё смецце, мы ўбачым два асноўныя, супярэчлівыя пасылы ад дзяржавы: першы — «вы без нас прападзяце», і другі — «нават не спрабуйце ўцячы».

Тэлеграм-канал «Белыя халаты» папрасіў пракаментаваць некаторыя цытаты з гэтага тэксту лекарку-эндаскапістку і гастраэнтэролага, каардынатарку Фонду Медыцынскай салідарнасці Лідзію Тарасенку.

Чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя гавораць: «Мэтавае накіраванне дае стабільнасць, у якой самі абітурыенты і іх бацькі зацікаўленыя, што прадэманстравала прыёмная кампанія гэтага года. У Міністэрства адукацыі і прыёмныя камісіі ўстаноў адукацыі былі званкі ад бацькоў, якія паступалі з пытаннямі, у якой канкрэтна арганізацыі будуць працаваць іх дзеці пасля заканчэння навучання. Гэта сведчыць аб тым, што абітурыенты ўжо на этапе паступлення ва ўстановы адукацыі хочуць ведаць, у якой канкрэтна арганізацыі яны будуць працаваць у будучым. А значыць, свядома выбіраюць мэтавае накіраванне».

- Тут мы бачым відавочную падмену паняццяў, - упэўненая Лідзія. - Відавочна: калі абітурыенты і іх бацькі хочуць ведаць, куды размяркуюць, гэта жаданне хоць неяк спрагназаваць будучыню, выбраць меншае зло ці падрыхтавацца да горшага. Калі б у гэтых людзей быў выбар, яны б ніколі на этапе паступлення не выбіралі сабе канчатковае месца працы ў такой форме. Што гэта за «заспакаяльныя гарантыі», ад якіх у далейшым ніяк нельга адмовіцца?

У нармальнай сітуацыі дзяўчаты і хлопцы, якія паступаюць ва ўніверсітэт, непакояцца толькі аб тым, наколькі іх прафесія будзе запатрабаваная ў будучыні і ці будзе якасць адукацыі канкурэнтнай. Сёння ў Беларусі няма праблем з пошукам працоўных месцаў у медыцыне.

Наступная цытата: «…Калі ў маладога спецыяліста ўзнікае неабходнасць змяніць першае месца працы, ужываюцца розныя працэсы — пераразмеркаванне або перанакіраванне».

- Прывязка чалавека да канкрэтнага месца працы за пяць гадоў - глупства, да прызначанага тэрміну абставіны могуць змяніцца радыкальна. І мы бачым яшчэ больш складаную, бессэнсоўную надбудову над гэтым глупствам. У шматлікіх іншых галінах нікога сілком не «размяркоўваюць» і ўжо пагатоў не «пераразмяркоўваюць» тых, хто апынуўся не запатрабаваны.

І галоўнае, за ўсім гэтым не стаіць ніякай доваднай базы. Хто і з якой прычыны думае, што гэтая сістэма ўвогуле эфектыўная? Інстытут размеркавання выпускнікоў-медыкаў існуе ў Беларусі ўжо дзясяткі гадоў. Назавіце мне хоць адну праблему ў ахове здароўя, якую ён дапамог урэгуляваць. Цяпер з кадрамі ў медыцыне ўсё нашмат горш, чым у суседніх краінах, дзе ўсяго гэтага няма. Дык можа, «размеркаванне» - гэта не рэакцыя на праблему, а яе прычына?

Упэўненая, чалавек, які скончыў медуніверсітэт, валодае дастатковымі кагнітыўнымі здольнасцямі, каб знайсці сабе працу. Чаму гэтай магчымасці яго трэба пазбавіць?

Яшчэ адна вытрымка з артыкула: «Мэтавікі ўпэўненыя ў сваёй будучыні. Ужо пры паступленні яны разумеюць, у інтарэсах якога прадпрыемства, якой арганізацыі яны вучацца…». І далей: «Нават калі выпускнік стварыў сям’ю і яго муж (жонка) працуе ў іншым горадзе, гэта не дае стоадсоткавай гарантыі, што яго пераразмяркуюць або перанакіруюць за ім (за ёй)».

- Для ўпэўненасці ў будучыні ў чалавека павінна быць адчуванне кантролю над сваім жыццём, а не поўнага бяссілля. Цынічна разважаць аб «упэўненасці» і літаральна адразу ж заяўляць, што дзяржава гатовая раз'ядноўваць маладыя сем'і на сваё жаданне.

Мы хочам агучыць дзейсны рэцэпт развязання праблемы размеркавання. Што рабіць? Усё вельмі проста - яе трэба скасаваць. І ўсё! Лякарні пасля гэтага не закрыюцца, студэнты будуць вучыцца з большым энтузіязмам, сістэма аховы здароўя ў момант стане больш эфектыўнай.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках