Трактар Belarus стане часткова кітайскім
10- 19.09.2024, 21:16
- 7,032
Супольныя з кітайцамі праекты МТЗ спрабуе прасунуць ужо некалькі гадоў.
МТЗ плануе стварыць трактар супольна з кітайскімі вытворцамі, паведамляецца ў Telegram-канале прадпрыемства.
«Падпісаная дарожная карта для распрацоўкі 350-моцнага трактара з электрапрывадам на сталых магнітах. У перспектыве на тэрыторыі КНР плануецца арганізаваць вытворчасць такіх машынаў для наступнай рэалізацыі на кітайскім рынку», – расказалі на МТЗ.
Вытворчая магутнасць, як заяўляецца, – 2500 трактароў за год.
Супольныя з кітайцамі праекты беларускі вытворца спрабуе прасунуць ужо некалькі гадоў. У 2020–2021 гадах нават праходзіў выпрабаванні прататып трактара, які менчукі прапанавалі збіраць у Паднябеснай. У КНР таксама пастаўлялася тэхніка для сертыфікацыі. Аднак да стварэння зборачнай вытворчасці справа так і не дайшла.
Цяпер супольны праект МТЗ гатовы запусціць таксама і ў супрацоўніцтве з Кітайска-Беларускім высокатэхналагічным аэракасмічным цэнтрам даследаванняў і распрацовак.
«Цяпер мы разам з партнёрамі займаемся адаптацыяй рухавіка China 4 для Belarus 3522 з улікам патрабаванняў стандартаў КНР. Налета спадзяемся правесці эксплуатацыйныя выпрабаванні і сертыфікацыю», – падзяліліся планамі на прадпрыемстве.
Таксама ў Кітаі можа быць створаная яшчэ адна супольная вытворчасць – зборка трэкавых трактароў Belarus.
Але пакуль гэта праекты на будучыню. Што датычыцца рэальнага супрацоўніцтва, то МТЗ у 2024 і 2025 гадах плануе набыць больш як 30 адзінак абсталявання з КНР больш як на Br40 млн.
Сярод іншага, на завод паставяць кітайскую плавільную сістэму для ліцейнага цэха і аўтаматычную пескаструменную камеру.
«Чакаецца таксама, што цэхі МТЗ папоўняць 15 такарных станкоў, 7 гарызантальных, 4 фрэзерна-цэнтравальныя і 3 гарызантальныя фрэзерныя апрацоўчыя цэнтры з ЧПУ», – паведамілі на заводзе.