Расейскі бізнэс рэзка перастаў плаціць падаткі
11- 19.09.2024, 21:00
- 19,018
Пазыкі перад бюджэтам дасягнулі гістарычнага рэкорду.
Расейскі бізнэс у 2024 годзе сутыкнуўся з праблемамі пры выплаце падаткаў у бюджэт, вынікае са статыстыкі Расстата.
За першую палову года аб'ём пратэрмінаванай запазычанасці арганізацый перад бюджэтамі ўсіх узроўняў падскочыў у 3,3 разы і на канец чэрвеня дасягнуў 176,2 млрд рублёў – рэкорднага ўзроўню за ўвесь час даступнай статыстыкі, піша The Moscow Times.
Нявыплаты падаткаў пачаліся ў красавіку, калі памер пратэрмінаванай запазычанасці вырас з 43,8 да 152,9 млрд рублёў. У траўні яна павялічылася яшчэ на 13,4 млрд, да 166,3 млрд, а ў чэрвені дадала дадаткова 10 млрд рублёў.
Галоўнымі падатковымі даўжнікамі сталі сыравінныя кампаніі, у першую чаргу нафтагазавыя, вынікае са статыстыкі: на сектар здабычы карысных выкапняў на канец чэрвеня прыпадала тры чвэрці сумарнай падатковай запазычанасці – 137,2 млрд рублёў, з якіх 132 млрд завінаваціліся кампаніі, якія здабываюць нафту і газ.
Другім найбуйнейшым даўжніком стала апрацоўчая прамысловасць (8,9 млрд рублёў). Толькі крыху ад яе адстала будаўнічая галіна (7,5 млрд рублёў).
Падатковыя праблемы бізнэсу нарастаюць з тым, як прыбыткі, з якіх трэба расплачвацца з бюджэтам, імкліва скарачаюцца, а банкі масава блакуюць транпамежныя плацяжы. Паводле Расстата, у чэрвені сальдаваны фінансавы вынік у эканоміцы (прыбыткі мінус страты) скараціўся ў 4 разы на гадавым выразе – да 860 млрд рублёў. Вугальная прамысловасць стала стратнай (мінус 7,1 млрд рублёў). 9% прыбыткаў за паўгода страцілі металургі, на 22% аселі прыбыткі нафтаперапрацоўчых заводаў, больш за 26% сальдаванага прыбытку страцілі кампаніі раздробнага гандлю.
У сыравінных экспарцёраў і зусім сталі ўзнікаць касавыя разрывы, расказвала Reuters у пачатку верасня крыніца ў буйным расейскім банку. Паводле яе словаў, экспарцёры бралі юаневыя крэдыты ў Расеі, каб прадаваць на біржы валюту, у тым ліку для выплаты падаткаў. Але «рэальная выручка завісла праз цяперашнія складаныя плацежныя ланцужкі – аддаваць банкам няма чаго», жаліўся банкір.
Узмацненне жорсткасці заходніх санкцый прыносіць усё больш галаўнога болю кампаніям, якія сталі адрэзаныя ад рынкаў збыту і каналаў набыцця абсталявання. Толькі 2% топ-мэнэджараў буйнога бізнэсу не заўважылі наступстваў санкцый у сваёй працы, паказала апытанне Цэнтра ўстойлівага развіцця Школы кіравання «Сколкава» і кансалтынгавай кампаніі «Тэхналогіі даверу».
Пра карысць санкцый заявілі толькі 7% рэспандэнтаў са 102 буйных кампаній з 17 галінаў. Пры гэтым 66% паскардзіліся на негатыўныя эфекты падзей апошніх гадоў, прычым 22% ацанілі іх як «вельмі высокія».