Столтэнбэрг: Чым больш ва Украіне зброі, тым большая імавернасць заканчэння вайны
6- 19.09.2024, 19:48
- 2,768
Тады Пуцін усведамляе, што ён не атрымае жаданае сілай.
Верагоднасць дасягнення міру паміж Украінай і Расеяй наўпрост залежыць ад павелічэння паставак зброі ўкраінскім абаронцам. Так расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін усведамляе, што ён не атрымае жаданае сілай.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на развітальную прамову генеральнага сакратара NАТO Енса Столтэнбэрга перад сыходам з пасады.
Столтэнбэрг адзначыў, што вайсковая моц з'яўляецца неабходнай умовай для дыялогу, бо ён працуе толькі тады, калі падмацаваны моцнай абаронай.
Са слоў генеральнага сакратара, самы хуткі спосаб скончыць вайну ва Украіне - саступіць у ёй. Але ў такім разе будзе не мір, а акупацыя. У сваю чаргу Пуцін верыць, што даб'ецца сваіх мэт у вайне і «перачакае» Захад. Таму ён працягвае весці вайну.
«Я не веру, што мы можам змяніць меркаванне Пуціна. Але я веру, што мы можам змяніць ягоныя разлікі. Даўшы Украіне больш зброі, мы можам прымусіць Пуціна зразумець, што ён не зможа атрымаць жаданае сілай… Парадокс у тым, што чым больш зброі для Украіны мы зможам паставіць, тым большая імавернасць таго, што мы зможам дасягнуць міру і спыніць вайну», - падкрэсліў генеральны сакратар.
Ён удакладніў, што чым больш надзейнай будзе доўгатэрміновая падтрымка Украіны з боку NАТO, тым хутчэй можа закончыць вайну.
Таксама, як дадаў Столтэнбэрг, усялякае будучае мірнае пагадненне павінна быць падмацавана магутнай вайсковай падтрымкай Украіны і надзейнымі гарантыямі бяспекі, каб забяспечыць трывалы мір.
«Без стабільнай Украіны не можа быць устойлівай бяспекі ў Еўропе. А без сяброўства ў NАТO не будзе трывалай бяспекі для Украіны. Дзверы NАТO адчыненыя. Украіна далучыцца (да Альянсу - рэд.)», - рэзюмаваў ён.