Дураў адмовіўся размаўляць з расейскімі дыпламатамі
12- 19.09.2024, 17:08
- 10,260
Нягледзячы на ўсе іх просьбы.
Заснавальнік Telegram Павел Дураў не зацікаўлены ў кантактах з Расеяй у рамках справы аб яго затрыманні ў Парыжы, заявіў расейскі пасол у Францыі Аляксей Мяшкоў, піша The Moscow Times. «Нягледзячы на ўсе нашыя неаднаразовыя звароты з патрабаваннем прадставіць матэрыялы, нам было адмоўлена. І паралельна было сказана, што ў кантактах з намі Дураў цікавасці не праяўляе», - сказаў Мяшкоў.
Дыпламат адзначыў, што французскія ўлады падыходзяць да гісторыі з затрыманнем Дурава як да «ўзаемастасункаў французскай дзяржавы з грамадзянінам» Францыі, бо заснавальнік Telegram некалькі гадоў таму атрымаў пашпарт гэтай краіны. Паводле інфармацыі Мяшкова, зараз Дураў вядзе перамовы з французскімі дзяржструктурамі, аднак пра іх змест яму нічога не вядома.
Паўла Дурава затрымалі ў Парыжы 24 жніўня. Французскія ўлады падазраюць яго ў недастатковай мадэрацыі Telegram і адмове ад супрацоўніцтва, што, на іх думку, робіць яго суўдзельнікам распаўсюджвання дзіцячай парнаграфіі, продажу наркотыкаў, махлярства і іншых злачынстваў. 28 жніўня яго адпусцілі пад заклад 5 млн еўраў з умовай абавязковага прыходу ў паліцыю двойчы на тыдзень.