Расейскі рубель упаў да мінімуму амаль за год
2- 19.09.2024, 16:23
- 6,696
Услед за коштамі расейскай нафты.
Расейскі валютны рынак працягвае каціцца па нахільнай уніз. На таргах Маскоўскай біржы ў чацвер, 19 жніўня, курс юаня ўзнімаўся да адзнакі 13,18 рубля - самай высокай з сярэдзіны кастрычніка мінулага года. Да юаня рубель таннее чатыры тыдні запар, чаго на рынку не бачылі амаль два гады, і за гэты час страціў больш за 10% кошту, піша The Moscow Times.
Курс еўра на пазабіржавым рынку, паводле інфармацыі Reuters, напярэдадні вечарам паднімаўся да 104,84 рубля - таксама максімуму за апошнія 11 месяцаў, а курс даляра дасягаў 93,85 рубля, самага высокага ўзроўню з сярэдзіны жніўня.
На 14:39 мск чацвярга ўгоды з юанем на біржы праходзяць па 13,09 рубля з ростам курсу на 0,8%, а еўра на міжбанку таргуюцца па 103,74 рубля - на 0,3% ніжэй, чым напярэдадні. Даляр патаннеў да 93,02 рубля.
Рубель слабее па меры таго, як падаюць экспартныя даходы расейскай эканомікі, адзначае аналітык ПСБ Дзяніс Папоў. У жніўні, паводле інфармацыі ЦБ РФ, экспарт асеў на 11%, а верасень прынёс значнае падзенне коштаў расейскай нафты: у пачатку месяца кошт барэля Urals апускаўся ніжэй за $60, хоць яшчэ ў ліпені яго прадавалі па $75. На сярэдзіну верасня, паводле інфармацыі Argus, расейскі гатунак каштаваў $61-62.
«Калі да зніжэння коштаў нафты дадаць і скарачэнне яе экспарту, то падзенне экспартнага прыбытку ў найбліжэйшыя месяцы можа скласці да 20% ад ліпеньскіх узроўняў», – папярэджвае вядучы аналітык «Финама» Аляксандр Патавін.
Да канца года курс даляра можа падняцца да 94-96 рублёў, прагназуе ён. Плыўная дэвальвацыя, паказвае Патавін, патрэбная бюджэту, які на траціну напаўняецца нафтагазавымі даходамі і амаль такую долю сродкаў выдаткоўвае на вайну ва Украіне. Цяпер расейская нафта каштуе амаль на $10 менш, чым закладзена ў бюджэт ($70 за барэль), і пры стабільным курсе казна недабярэ амаль 500 млрд рублёў сыравінных даходаў, ацэньваюць аналітыкі Інстытута Гайдара.