У менчука ў доме адкрылі кавярню, і зараз па пад'ездзе бегаюць прусакі
11- 19.09.2024, 14:11
- 4,804
Што рабіць, пакуль яны не завяліся і ў кватэры?
Жыхар Партызанскага раёна Менска прыйшоў на прыём да ўчастковага з праблемай: на першым паверсе ў яго доме адкрылася кавярня і праз месяц па пад'ездзе сталі бегаць прусакі. Цяпер мянчук баіцца, што яны завядуцца і ў ягонай кватэры, пішуць «Мінск-Навіны».
Старшы ўчастковы інспектар міліцыі Ілля Бычкоўскі параіў найперш паведаміць аб праблеме кіраўніцтву кавярні.
- Спачатку пакіньце запіс у кнізе заўваг і прапаноў суб'екта гаспадарання. Аб прынятых мерах у адпаведнасці з заканадаўствам уладальнікі павінны будуць даць вам пісьмовы адказ. За адсутнасць кнігі заўваг і прапаноў або яе нявыдачу на першае патрабаванне пагражае накладанне штрафу сумай да чатырох базавых адзінак. Прычым абавязак даваць кнігу не залежыць ад таго, набываў чалавек тавар ці не, выконвалі яму паслугі ці не, - распавёў участковы.
Таксама можна падаць заяву ў тэрытарыяльны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі па месцы размяшчэння кавярні. Зрабіць гэта можна пісьмова ці ў электронным выглядзе праз Дзяржаўную адзіную рэспубліканскую інфармацыйную сістэму ўліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб.