Расея гатовая прадаваць свой ЗПГ са зніжкай 40%
5- 19.09.2024, 14:04
- 4,892
Але пакупнікі так і не знайшліся.
Праект «Арктык ЗПГ 2», які трапіў пад санкцыі ЗША, вельмі важны не толькі для яго асноўнага ўладальніка, Леаніда Міхельсона і яго кампаніі «Новатэк», але і для Уладзіміра Пуціна. Ён павінен дапамагчы да 2030 г. патроіць экспарт ЗПГ з Расеі і павялічыць яго долю на сусветным рынку з 8% да 20%, часткова замяніць страчаны еўрапейскі рынак газу і паказаць, што эканоміка застаецца моцнай і важнай для свету, нягледзячы на супрацьдзеянне Захаду. Таму ў адчайных спробах знайсці пакупнікоў і спосабы вывезці газ з Арктыкі ўдзельнічаюць і топ-мэнэджары «Новатэка», і чыноўнікі.
Прадстаўнікі ўрада займаюцца пошукам рынкаў збыту для «Арктык ЗПГ 2», удзельнічаючы ў стварэнні ценявога флоту праз сетку кампаній, якія павінны забяспечыць праект ЗПГ танкерамі і знайсці тых, хто рызыкне іх прыняць, распавялі Bloomberg людзі, знаёмыя з гэтай стратэгіяй. Кіраўнікі ж «Новатэка», з іх слоў, у лютым наведалі Мумбаі, дзе сустракаліся з прадстаўнікамі суднаходных кампаній. З мэтай пошуку новых кліентаў «Новатэк» таксама адкрыў офіс у Кітаі.
«Арктык ЗПГ 2» трапіў пад санкцыі ў лістападзе 2023 г. Праз гэта «Новатэк» не змог, як планаваў, пачаць экспарт у пачатку 2024 г. Намаганні па стварэнні ценявога флоту пачалі сур'ёзна прадпрымацца ў сакавіку, паведамляе Bloomberg пасля гутарак з амаль трыма дзясяткамі ЗПГ-трэйдараў, суднавых брокераў, прадстаўнікоў кампаній. Фірмы, якія валодаюць або кіруюць танкерамі, рэгіструюцца ў Індыі і ААЭ - напрыклад, у кватэры ў Мумбаі і гатэлі ў свабоднай эканамічнай зоне Дубая. Дубайская Nur Global Shipping, якая набыла ў першым паўгоддзі некалькі старых суднаў, прыцягнула ўвагу ўдзельнікаў рынка тым, што заплаціла больш за $50 млн за кожны з танкераў, якія ў адваротным выпадку адправіліся б на металалом, бо не адпавядаюць сучасным экалагічным патрабаванням. Праз пяць фірмаў Nur набыла пяць суднаў. Адно з іх, Pioneer, у пачатку жніўня стала першым танкерам, якія забралі ЗПГ з «Арктык ЗПГ 2».
Увогуле тры танкеры ўжо пяць разоў загрузілі газ на праекце. Але ніводная пастаўка пакуль не дайшла да пакупнікоў.
Топ-мэнэджары «Новатэка» працягваюць ездзіць па свеце ў пошуках пакупнікоў, яны рабілі шматлікія спробы падпісвацб угоды ў Кітаі і іншых азіяцкіх краінах, распавялі Bloomberg трэйдары і прадстаўнікі самой кампаніі. Але хоць яны прапануюць газ з 40%-й зніжкай да спотавых коштаў, патэнцыйныя пакупнікі, большасць з якіх таксама набываюць ЗПГ у ЗША, не хочуць рызыкаваць, бо могуць патрапіць пад другасныя санкцыі Вашынгтона.