21 снежня 2024, Субота, 18:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэбаты ў Еўрапарламенце: Лукашэнку назвалі «бандытам» і заклікалі адправіць яго ў Гаагу

16
Дэбаты ў Еўрапарламенце: Лукашэнку назвалі «бандытам» і заклікалі адправіць яго ў Гаагу

Абсалютная большасць еўрадэпутатаў - за новыя санкцыі.

18 верасня на пленарным пасяджэнні ў Страсбургу еўрапейскія парламентарыі правялі дэбаты аб Беларусі. Еўрадэпутаты абмеркавалі сітуацыю з беларускімі палітвязнямі, заклікалі ўвесці новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, паведамляе карэспандэнт сайта Charter97.org.

Дэпутат ад Латвіі Сандра Калніеце запатрабавала неадкладнага доступу для Міжнароднага Чырвонага Крыжа да беларускіх палітвязняў і заклікала ўвесці супраць рэжыму такія ж санкцыі, як і супраць Расеі, цалкам ізаляваўшы афіцыйны Менск дыпламатычна. Да сіметрычных санкцый і ізаляцыі заклікаў і дэпутат ад Нідэрландаў Тэйс Рэўтэн.

На думку экс-мэра Рыгі Марціньша Стакіса, "адзіны спосаб прымусіць Лукашэнку вызваліць палітычных зняволеных - гэта новыя і новыя санкцыі, а таксама поўная ізаляцыя".

Да ўзмацнення санкцыйнага ціску супраць рэжыму Лукашэнкі заклікалі літовец Пятрас Аўштравічыус і паляк Міхал Кабоска. Чэшскі заканадаўца Маркета Грэгарава адзначыла, што ёсць многія магчымасці для ўвядзення новых балючых для рэжыму сектаральных санкцый. На думку парламентарыя ад Румыніі Дана Барны, больш строгія санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі "абсалютна неабходныя".

Экс-кіраўнік МУС Польшчы, еўрадэпутат Марыюш Каміньскі назваў Лукашэнку бандытам: «Спадзяюся, што інфармацыя пра гэтыя дэбаты і прынятую Еўрапейскім парламентам рэзалюцыю ў іх абарону дойдзе да беларускіх палітычных зняволеных праз турэмныя сцены. Няхай гэта будзе сігналам, што Еўропа памятае пра іх, што яны не самотныя. Спадзяюся таксама, што гэтыя словы дойдуць да Лукашэнкі — бандыта, які трымаецца ва ўладзе толькі дзякуючы брутальнай сіле і падтрымцы Крамля. Лукашэнка павінен быць пераследаваным на міжнароднай арэне».

Дэпутаты закранулі тэму суўдзелу рэжыму ў расейскай несправакаванай агрэсіі супраць Украіны. Аб суўдзеле рэжыму казаў дэпутат ад Аўстрыі Хельмут Брандштэтэр: «Лукашэнка не з'яўляецца легітымным прэзідэнтам — гэта вядома ўсім. Напэўна, ён сам разумее гэта. Лукашэнка дазволіў наносіць удары з тэрыторыі Беларусі і разбураць украінскія гарады».

Польскі еўрадэпутат Аркадыўш Мулярчык адзначыў, што рэжым нясе сваю дзель адказнасці за расейскую агрэсію ва Украіне. Літоўскі юрыст Дайнюс Жалімас падаў прыказку: «Адтэрміноўка правасуддзя раўнасільная адмове ў правасуддзі». Ён заклікаў краіны-чальцы ЕЗ больш актыўна дзейнічаць у лініі Міжнароднага крымінальнага суда.

Многія польскія дэпутаты казалі пра журналіста польскага паходжання Анджэя Пачобута, які знаходзіцца ў лукашэнкаўскай турме. Парламентарыі заклікалі Сербію ўстрымацца ад экстрадыцыі беларускага журналіста Андрэя Гнёта.

Адметнай рысай першых дэбатаў аб Беларусі Еўрапейскага парламента новай кадэнцыі было тое, што некаторыя дэпутаты звярталіся са Страсбурга непасрэдна да беларусаў ад першай асобы.

Нямецкі еўрадэпутат Сяргей Лагадзінскі папрасіў прабачэння ў беларусаў за тое, што ў абмен зняволенымі паміж Крамлём і краінамі Захаду не былі ўключаны беларускія палітычныя вязні.

Былая віцэ-спікерка сэйма Польшчы Малгажата Гасеўская звярнулася да беларусаў на роднай для іх мове: «Дарагія беларускія сябры, мы пра вас памятаем i заўсёды будзем змагацца за вашу свабоду».

Польская еўрадэпутатка сказала, што смерці палітычных вязняў - «гэта тэрырыстычны акт супраць уласнага народа» і заклікала рэжым неадкладна вызваліць палітычных зняволеных: «Калі вы гэтага не зробіце, мы паклапоцімся пра тое, каб вы патрапілі ў Гаагу. Ваша ўлада не будзе доўжыцца вечна. Вінаватыя дачакаюцца пакарання. Жыве Беларусь!»

З заключным словам выступіла прадстаўнік Еўракамісіі Стэла Кірыякідэс: «ЕЗ заклікае неадкладна і безумоўна вызваліць беларускіх палітычных зняволеных. Мы гатовы прыняць абмежавальныя меры супраць адказных за парушэнні правоў чалавека: суддзяў, пракурораў, начальнікаў папраўчых калоній, працаўнікоў службаў бяспекі».

Галасаванне аб рэзалюцыі Еўрапарламента «Аб цяжкім становішчы палітвязняў у Беларусі» пройдзе сёння, 19 верасня.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках