21 снежня 2024, Субота, 17:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка апынуўся паміж молатам і кавадлам

22
Лукашэнка апынуўся паміж молатам і кавадлам

Дыктатар выдаў свае глыбінныя страхі.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна стала госцем YouTube-канала вядомага расейскага журналіста Яўгена Кісялёва.

Адной з тэм інтэрв'ю сталі апошнія заявы Лукашэнкі, у якіх ён чамусьці загаварыў аб выдачы ордэру на ягоны арышт з боку Міжнароднага крымінальнага суда пры ўдзеле Літвы:

- Галоўнае, што я ўбачыла ў выступе Лукашэнкі, які быў бязладны, і блытаны, і супярэчлівы (зрэшты, як заўсёды) - гэта ягоны страх. Страх перад санкцыямі, якія працягвае ўводзіць Захад, страх праз вайну, якую рэжым супольна з Пуціным вядзе супраць Украіны, за што можа адбыцца немінучая расплата. Страх перад Міжнародным крымінальным судом у Гаазе, таму што гэта вельмі рэальная перспектыва для дыктатара.

Мяркую, што мы ўбачылі рэакцыю Лукашэнкі на канферэнцыю, якая прайшла на мінулым тыдні ў Вільні. Там акурат абмяркоўваліся злачынствы, якія ўчыняюцца Лукашэнкам. Гэта злачынствы супраць беларускага народа, фактычна - супраць чалавечнасці. Тысячы беларусаў знаходзяцца ў турмах, зазнаюць катаванні. Таксама чыняцца злачынствы супраць украінцаў - удзел рэжыму ў вайне, абстрэл украінскіх гарадоў з тэрыторыі Беларусі, што адбывалася ў 2022 годзе, уваход расейскіх войскаў на тэрыторыю Украіны, Буча, Ірпень, Барадзянка - гэта ж усё на сумленні беларускага дыктатара. Таксама гісторыя з выкраданнем украінскіх дзяцей. За ўсё гэта Лукашэнка павінен адказваць. Калі Літва ініцыюе разгляд справы Лукашэнкі ў Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе, то гэты крок можна толькі вітаць.

Наталля Радзіна расказала, як санкцыі б'юць асабіста па кішэні Лукашэнкі:

- Паступовае вызваленне людзей з турмаў - вынік менавіта санкцыйнага ціску. Чаму яго нельга ні ў якім разе здымаць? За апошнія месяцы з турмаў вызваленыя 120 чалавек, апошнім разам - 38 чалавек. Прозвішчы ўсіх невядомыя, як правіла, гэтыя людзі знаходзяцца пад наглядам міліцыі, не выказваюцца ў прэсе, перад вызваленнем на іх каласальна ціснуць у турме. Тым не менш можна вітаць гэты крок, я радая, што гэтыя людзі выйшлі на волю.

Аднак гэта вынік санкцыйнага ціску, трэба дакладна разумець. Нават тыя санкцыі, якія ёсць, яны ўплываюць на рэжым. Каб Лукашэнка вызваліў усіх, неабходна гэтыя санкцыі пакідаць і ўводзіць новыя. Бо, як я ўжо казала, за палітвязняў санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі не ўведзеныя. Уведзены санкцыі за ўдзел рэжыму ў вайне супраць Украіны, пасадку самалёта Ryanair у 2021 годзе і за атаку мігрантамі польскіх, літоўскіх і латвійскіх межаў.

Рэжым сёння вужакай уецца, хоча зняцця санкцый з «Беларуськалія». Гэта моцна б'е па бюджэце і асабіста па кішэні Лукашэнкі і ягонай сям'і. Яны нясуць каласальныя выдаткі. Пасля ўвядзення санкцый на беларускі калій і нафтапрадукты былі страчаныя вялізныя рынкі Украіны і Еўропы. Выдаткі ад гэтага велізарныя, рэжым стогне. Я не веру гэтым ліпавым лічбам, якія яны даюць пра нібыта рост эканомікі ў Беларусі. Гэта фальшывая статыстыка, рэжым раскідваецца. І мы ўбачым гэта ў найбліжэйшыя месяцы. Пакуль ім неяк удаецца трымаць курс рубля і заробку. Але, думаю, усё пасыплецца пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія Лукашэнка так спяшаецца правесці ў лютым 2025 года, разумеючы, што ў яго вельмі нестабільная сітуацыя.

Чаму ў сваёй прамове Лукашэнка казаў пра нейкія дамовы з Украінай. Беларуская журналістка звяртае ўвагу на інтэрв'ю ўкраінскага палітолага Уладзіміра Фясенкі, у якім ён расказвае пра таемныя дамоўленасці паміж Менскам і Кіевам:

- Ён сказаў, што існуе таемны пакт аб ненападзе паміж Украінай і Беларуссю, ідуць перамовы паміж беларускімі і ўкраінскімі спецслужбамі, міністэрствамі абароны. Аднак той жа Фясенка кажа, што ў Кіеве няма даверу да беларускага дыктатара і ўсе цудоўна разумеюць, што калі Пуціну будзе неабходна наносіць нейкія ўдары па Украіне з тэрыторыі Беларусі, гэта будзе зроблена, ніхто пытаць Лукашэнку не будзе.

Таму, думаю, ніякія таемныя дамоўленасці з Лукашэнкам не спрацуюць, і ва Украіне гэта выдатна разумеюць. Сам Лукашэнка не давярае ўкраінцам (ён увогуле нікому не давярае). І тут мы ўбачылі яго глыбінныя страхі. Ён разумее, што калі будзе нейкая эскалацыя вайны з тэрыторыі Беларусі, немінуча рушыць адказ. Украінскі бок неаднаразова заяўляў, што калі з тэрыторыі Беларусі зноў паспрабуюць увайсці расейскія вайскоўцы або разам з беларускімі войскамі, то ў гэтым выпадку неадкладна рушаць удары па прымежнай інфраструктуры. І тут Лукашэнка баіцца за Мазырскі НПЗ, які знаходзіцца ў зоне дасяжнасці ракет УСУ.

Іншая рэч, што Лукашэнка сваёй палітыкай і лаяльнасцю Крамлю падстаўляе Беларусь пад магчымыя ўдары ў адказ. Яму трэба неадкладна выходзіць з гэтай вайны, а не пагражаць "трэцяй сусветнай".

Наталля Радзіна мяркуе, што ЗША сёння могуць папярэджваць Лукашэнку праз яго чыноўнікаў:

- Размовы наўпрост з Лукашэнкам сёння немагчымыя. Не выключаю, што перамовы сёння вядуць чыноўнікі. Тая ж Наталля Пяткевіч, якая раней таксама займала пасаду намесніцы кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, вяла перамовы з амерыканцамі пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2006 годзе, калі ЗША ўвялі санкцыі супраць "Белнафтахіма" і ішлі размовы аб вызваленні палітычных зняволеных у абмен на гэтыя санкцыі. Магчыма, тая ж Наталля Пяткевіч, якая вярнулася ў адміністрацыю Лукашэнкі, вядзе такія перамовы.

Але што з'яўляецца прадметам гэтых перамоў? Са слоў Лукашэнкі не зусім зразумела. Відаць, што яго папярэджваюць, што ў выпадку, калі ён працягне актыўна ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны, за гэта рушыць немінучае пакаранне. Менавіта гэта я пачула са слоў Лукашэнкі.

Ці магчымыя правакацыі РФ з мэтай яшчэ больш уцягнуць Беларусь у вайну? Галоўная рэдактареа сайта Charter97.org мяркуе, што такі крок у далейшым прывядзе да паразы рэжыму Лукашэнкі:

- Мы бачым, што ўкраінскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Расеі. Войскі РФ не могуць абараніць сваю тэрыторыю. Значная тэрыторыя Курскай вобласці знаходзіцца пад кантролем УСУ. Калі расейцы такой правакацыяй хочуць справакаваць вызваленне Беларусі, мы будзем толькі радыя.

Той жа Лукашэнка ўвесь час кажа аб магчымасці ўваходу УСУ ў Беларусь, міжнародных сіл пад кіраўніцтвам NАТО. Гэта ягоныя ўласныя словы і сцэнары. Калі ён далей будзе так нарывацца, магчыма ўсё, што хочаце.

Як будзе развівацца сітуацыя, калі беларускае войска ўвойдзе на тэрыторыю Украіны? Наталля Радзіна расказала аб магчымым сцэнарыі:

- Па-першае, упэўненая, што беларускія вайскоўцы будуць масава здавацца ў палон і не будуць паднімаць зброю супраць братоў-украінцаў. Па-другое, гэта неадкладна прывядзе да дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі, і рэжым Лукашэнкі гэта выдатна разумее. Ён тут жа пачне разбурацца. Беларускіх маці, якія будуць страчваць сваіх дзяцей, нішто не спыніць.

Калі Лукашэнка думае, што ва ўсіх сілавых структурах служаць выключна ягоныя прыхільнікі, то я яго расчарую. Абсалютная большасць насельніцтва Беларусі, уключаючы сілавікоў, у тым ліку вайскоўцаў беларускага войска, ненавідзіць рэжым Лукашэнкі і лічыць яго акупацыйным. Так, сёння складана выступіць адкрыта супраць дыктатуры, гэта прывядзе да неадкладнага арышту. Але людзі працягваюць яго ненавідзець. Як толькі з'явіцца акно магчымасцяў - людзі паўстануць. Я ў гэтым упэўненая.

Што Лукашэнка абярэ: уладу ці здраду Пуціну. Беларуская журналістка мяркуе, што так пытанне не стаіць:

- Лукашэнка страціць уладу, калі здрадзіць Пуціну. Усе гэтыя 30 гадоў ён утрымліваецца выключна дзякуючы падтрымцы Крамля. Якія-небудзь перамовы з Захадам сённяшняга Лукашэнкі немагчымыя. Славутыя арэлі паміж Захадам і Расеяй, на якіх ён гушкаўся 25 гадоў да 2020 года, сёння ператварыліся для яго ў молат і кавадлу, паміж якімі ён апынуўся.

Ці гатовы Захаду, баючыся эскалацыі, заплюшчваць вочы на тое, што адбываецца ў Беларусі і Украіне? Наталля Радзіна ўпэўнена, што лідарам свабоднага свету давядзецца зрабіць рашучы выбар:

- Ад Захаду мне трэба толькі тое, каб ён заставаўся прынцыповым і прытрымліваўся санкцый, якія былі ўведзеныя супраць рэжыму Лукашэнкі. Каб санкцыйны ціск не слабеў. Што тычыцца эскалацыі - яна адбываецца ўжо сёння. Мільён загінулых (і гэта з мінімальных ацэнак) у вайне Расеі супраць Украіны, разбураныя ўкраінскія гарады, велізарная колькасць забітых дзяцей, жанчын. Разбураныя дамы, дзіцячыя садкі, школы, гуманітарная катастрофа ва Украіне. Усё гэта не эскалацыя?

Украіне сёння трэба надаваць усебаковую падтрымку. Найперш - вайсковую дапамогу. Пастаўляць усе ўзбраенні, якія ёй неабходны, у тым ліку - дальнабойныя ракеты. Выклікае асцярогу, што мы не ведаем, што будзе адбывацца з дапамогай Украіне ў 2025 годзе. Што тычыцца дальнабойных ракет, трэба дазваляць біць імі па ваенных цэлях у Раскі.

Нагадаю сцэнар перамогі, які ў свой час апісаў амерыканскі гісторык Юры Фяльшцінскі. Ён заявіў, што Украіна пераможа ў гэтай вайне, калі ёй будзе нададзеная ваенная дапамога, у тым ліку будуць перададзеныя дальнабойныя ракеты. Другі момант - калі будзе дазволена біць па ваенных аб'ектах у Расеі, у тым ліку і па Маскве. Трэці пункт - калі будзе вызваленая Беларусь, бо гэта пазбавіць РФ плацдарма для нападу на Украіну і краіны Захаду. Думаю, што калі будуць выкананыя гэтыя ўмовы, то пагроза, якая зыходзіць з Крамля, знікне.

Для гэтага патрэбная толькі палітычная воля. На жаль, многія заходнія палітыкі сёння баязлівыя. Але без рашучых дзеянняў скончыць гэтую вайну не атрымаецца. Мне здаецца, што з цягам часу яны прыйдуць да гэтай думкі.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org заклікае не недаацэньваць пратэстны патэнцыял у Беларусі і Расеі:

- Апазіцыя застаецца і ўнутры Расеі, і ўнутры Беларусі. Як толькі будзе акно магчымасцяў, гэтыя людзі пра сябе заявяць. Перад У 2020 годзе я вельмі шмат чула, што нічога ў Беларусі не будзе. На Захадзе быў такі ж пункт гледжання. Колькі я размаўляла з еўрапейскімі палітыкамі, пераконвала іх, што ў 2020 годзе будзе ўсплёск народнай незадаволенасці і рэвалюцыя, бо людзі ненавідзяць рэжым Лукашэнкі, мне казалі, што гэта немагчыма. Розныя беларускія псеўдааналітыкі казалі ва ўсіх незалежных медыях, што нічога не будзе, а нас чакаюць самыя сумныя прэзідэнцкія выбары. Казалі, што апазіцыя слабая і расколатая, нічога не атрымаецца. А потым мільён беларусаў выйшаў на вуліцы. Давайце не будзем недаацэньваць нашыя народы.

Наталля Радзіна ўпэўнена, што ў выніку вайны рэжымы Пуціна і Лукашэнкі рухнуць:

— Ёсць разуменне, што вельмі шмат што сёння залежыць ад вонкавых чыннікаў. Перамога беларускай апазіцыі магчымая ў выпадку перамогі Украіны ў гэтай вайне. У гэтым не сорамна прызнавацца, ідзе вайна.

Якія сцэнары магчымыя ва ўмовах вайны? Народная рэвалюцыя, калі ўсё зацэментавана рэпрэсіямі і краіна знаходзіцца пад падвойнай акупацыяй злачынных рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі? Гэта немагчыма.

Але ў выніку гэтай вайны абодва рэжымы абрынуцца. Не выстаіць ні рэжым Пуціна ў Расеі, ні рэжым Лукашэнкі ў Беларусі. Яны зрабілі самагубны крок, пачаўшы вайну супраць усяго свету, дыктатары ў ёй саступяць. Нам, дэмакратам, трэба рыхтавацца да немінучай змены ўлады.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках