Мужу заснавальніцы Wildberries выставілі абвінавачанне ў справе аб страляніне каля Крамля
14- 19.09.2024, 12:24
- 8,304
Падрабязнасці.
Уладзіславу Бакальчуку, мужу заснавальніцы Wildberries Таццяны Бакальчук, выстаўленае абвінавачанне ў крымінальнай справе аб стральбе ў маскоўскім офісе маркетплэйсу, паведамляюць «Известия» са спасылкай на блізкую да расследавання крыніцу.
Як сцвярджае суразмоўца выдання, апроч Уладзіслава Бакальчука, абвінавачанні высталеныя яшчэ шасці фігурантам той жа справы. Іх сутнасць не раскрываецца.
Увечары 18 верасня адвакат Бакальчука Анас Эльмурзаеў паведаміў, што ягоны падабаронны знаходзіцца на допыце. Тады ён адзначыў, што рана казаць, якія далейшыя дзеянні будуць зроблены ў дачыненні да бізнэсоўца ў рамках закона.
Нагадаем, днём 18 верасня Wildberries паведаміла, што муж заснавальніцы кампаніі Таццяны Бакальчук Уладзіслаў разам з аховай паспрабаваў "незаконна пракрасціся" ў офіс маркетплэйса ў бізнэс-цэнтры "Раманаў двор". Каля будынка пачалася страляніна. Сам Бакальчук сцвярджае, што прыйшоў на дзелавую сустрэчу і ягоныя людзі не былі ўзброеныя. У прэс-службе Wildberries заяўляюць, што страляніну адкрылі менавіта ахоўнікі Бакальчука, піша The Insider.
У выніку страляніны пацярпелі сем чалавек, у тым ліку двое супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія прыбылі на выклік для спынення супрацьпраўных дзеянняў. Ад атрыманых пашкоджанняў два чалавекі загінулі, расказалі ў Следчым камітэце Расіі.
Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу паводле прыкмет злачынства, прадугледжанага арт. 105 КК РФ (Забойства), ч. 3 арт. 30, ч. 2 арт. 105 КК РФ (Замах на забойства дзвюх і больш асоб), арт. 222 КК РФ (Незаконнае захоўванне агнястрэльнай зброі), арт. 317 КК РФ (Замах на жыццё супрацоўніка праваахоўнага органа), ч. 2 арт. 330 КК РФ (Самаўпраўства).