21 снежня 2024, Субота, 18:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як пэйджары «Хезбалы» ператварыліся ў бомбы

Як пэйджары «Хезбалы» ператварыліся ў бомбы

Экспэрт Forbes разбіраўся ў дэталях унікальнай аперацыі.

17 верасня ў Лібане адначасова ўзарваліся больш за 3 000 партатыўных пэйджараў, набытых тэрарыстычнай групоўкай «Хезбала». Найбольш верагодна, што гэта была аперацыя ізраільскіх спецслужбаў, але як ім удалося начыніць прылады выбухоўкай, застаецца адкрытым пытаннем.

Пра гэта ў артыкуле для Forbes разважаў тэхналагічны журналіст, кансультант і аўтар Дэвід Гемблінг. Першыя здагадкі засяроджваліся на тым, што гэта быў, фактычна, узлом праграмнага забеспячэння, які прывёў да перагрэву і выбуху батарэек у пэйджарах. Але такога кшталту інцыдэнты звычайна ўзнікаюць толькі тады, калі элементы акумулятараў пашкоджаны ці маюць вытворчыя дэфекты.

Не выключана, што пэйджары былі «замінаваныя» пры пастаўцы ад вытворцы да карыстальнікаў ці яшчэ на этапе вытворчасці. Паколькі пэйджары разам з батарэяй важаць менш за 100 грамаў, каб абсталяваць іх выбухоўкай, спатрэбіліся б надзвычай маленькія боепрыпасы.

«Аднымі з самых маленькіх супрацьпяхотных выбуховых прылад, якія калі-небудзь выкарыстоўваліся, былі амерыканскія міны BLU-43 Dragontooth, якія выкарыстоўваліся ў В'етнаме. Гэтыя асіметрычныя міны маюць каля двух цаляў у дыяметры і нагадваюць кляновае насенне. Іх раскідвалі з паветра, каб зрабіць сцежкі непраходнымі. Кожная міна важыць менш за 20 грамаў і напоўненая 9 грамамі нітра-парафінавай вадкай выбухоўкі. Такую ж колькасць выбухоўкі можна закласці ў пэйджарную бомбу», – мяркуе журналіст.

Міны Dragontooth, як правіла, хутчэй траўмавалі, чым забівалі. І выбух сам па сабе не з'яўляецца эфектыўным смяротным механізмам, тлумачыць Гемблінг. Проціпяхотныя боепрыпасы, як правіла, начынены вялікай колькасцю аскепкаў, паколькі метал, які разлятаецца, наносіць значна больш сур'ёзныя траўмы, чым сам выбух. Напрыклад, граната ВОГ-17, якая шырока выкарыстоўваецца ва Украіне як боепрыпас для беспілотнікаў, важыць 350 грамаў, але змяшчае ўсяго 35 грамаў выбуховага рэчыва.

І калі хтосьці змог умантажаваць выбуховае прыстасаванне ў пэйджар, яно магло быць размешчанае такім чынам, каб выкарыстоўваць іншыя кампаненты пэйджара ў якасці аскепкаў, што зрабіла б яго больш эфектыўным, чым вышэйзгаданыя міны. Улічваючы, што пэйджар прызначаны для нашэння на рамяні, адзін бок якога накіравана да цела карыстальніка, можна было б стварыць выбухоўку накіраванага дзеяння, якая была б значна больш смяротнай, чым можна было б выказаць здагадку, улічваючы малюсенькі памер прылады.

«Сотні баевікоў «Хезбалы», якія, з паведамленняў, атрымалі сур'ёзныя раненні, сведчаць аб тым, што прылада была надзвычай смяротнай, як для такога маленькага памеру. Гэтая атака выглядае як адзінкавая - наступныя выбухі бомб у рацыях на наступны дзень выглядаюць як працяг, і яны павінны былі адбыцца праз той жа скампраметаваны ланцуг паставак - і, несумненна, тэрарысты і іншыя зараз добра ўсведамляюць рызыку выбуховых прылад, схаваных у партатыўнай электроніцы. Але гэта ўражлівая дэманстрацыя мэтанакіраванага нападу з выкарыстаннем некалькіх кілаграмаў выбухоўкі для знішчэння літаральна тысяч супраціўнікаў адначасова», – рэзюмуе Гэмблінг.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках