19 верасня 2024, Чацвер, 21:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гомельскага правакатара будуць судзіць паводле двух артыкулаў

17
Гомельскага правакатара будуць судзіць паводле двух артыкулаў
ЯЎГЕН КАТЛЯРОЎ

Ён даносіў на апазіцыянераў, але ў выніку сам трапіў пад «крыміналку».

У Гомелі будуць судзіць мясцовага правакатара Яўгена Катлярова. Ён абвінавачваецца ў дыскрэдытацыі Беларусі і абразе прадстаўніка ўлады, паведамляюць праваабаронцы «Гомельскай Вясны».

Разгляд крымінальнай справы пачнецца 30 верасня ў судзе Навабеліцкага раёна Гомеля. Як пазначана ў раскладзе судовых паседжанняў, Яўгену Катлярову ставяцца ў віну дыскрэдытацыя Беларусі (арт. 369-1 КК – да чатырох гадоў пазбаўлення волі) і абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК – да трох гадоў пазбаўлення волі).

Абодва артыкулы, якія ставяцца ў віну гамельчуку, часта ўжываюцца да палітычных апанентаў дзейнай улады.

Судзіць Катлярова будуць у закрытым рэжыме.

Яўген Катляроў – гомельскі дальнабойнік і правакатар, які раней распаўсюджваў фэйкі ў незалежных СМІ пад рознымі псеўданімамі (Яўген Какойта, Мікіта Канцавы і іншыя). Сваю дзейнасць ён пачаў яшчэ да падзеяў 2020 года.

У 2021 годзе ён даваў паказанні на праваабаронцу Леаніда Судаленку. «У СК супраць мяне даў паказанні Яўген Катляроў, які галаслоўна абвінаваціў мяне ў арганізацыі ўсіх пратэстаў у Гомелі. Гэтыя ягоныя паказанні чалавек у мантыі суддзі паклаў у аснову абвінавачання ў прысудзе, а ягоныя трое калегаў з апеляцыйнага суда іх зацвердзілі. У абодвух выпадках служыцелі Феміды адхілілі маё хадайніцтва аб допыце Катлярова, але, відаць, у іх была іншая задача – асудзіць мяне любым коштам», – пісаў Леанід з-за кратаў.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках