19 верасня 2024, Чацвер, 21:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Краіны Усходняй Еўропы заклікалі NATO даць «калектыўны адказ» на ўварванні расейскіх беспілотнікаў

8
Краіны Усходняй Еўропы заклікалі NATO даць «калектыўны адказ» на ўварванні расейскіх беспілотнікаў

З заклікам выступілі дзевяць краін.

Прылёты расейскіх баявых дронаў на тэрыторыю NATO - гэта «новая рэальнасць, якую нельга ігнараваць», мяркуюць краіны на ўсходнім флангу альянсу. Дзевяць усходнееўрапейскіх краін звярнуліся да хаўруснікаў з заклікам даць «калектыўны адказ» на дзеянні Расеі.

«Неабходны калектыўны адказ у рамках NATO на выклікі, якія ствараюцца сучаснай зброяй і тэхналогіямі, у тым ліку шляхам пашырэння нашых магчымасцяў па выяўленні, ідэнтыфікацыі і, пры неабходнасці, знішчэнні нізкіх і павольных аб'ектаў», – гаворыцца ў заяве, прынятай пасля сустрэчы міністраў абароны Балгарыі, Вугоршчыны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Румыніі, Славаччыны, Чэхіі і Эстоніі.

У выніку абстрэлаў Расеяй Украіны дроны і ракеты парушылі паветраную прастору або ўпалі на тэрыторыі некалькіх краін. «Мы выказваем глыбокую заклапочанасць у сувязі з неаднаразовымі ўварваннямі беспілотнікаў і ракет Расейскай Федэрацыі ў паветраную прастору NATO ў Польшчы, Румыніі, Латвіі і іншых краінах, а таксама эскалацыяй напружанасці ўздоўж межаў NATO», - гаворыцца ў заяве. Акрамя калектыўнага адказу на такія дзеянні неабходна ўмацоўваць інтэграваную сістэму супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны і выкарыстоўваць для павышэння яе патэнцыялу ўсе існыя магчымасці і рэсурсы ў рамках ЕЗ і NATO, мяркуюць усходнееўрапейскія краіны.

NATO павінна падрыхтаваць «моцны скаардынаваны» адказ на справакаваныя Расеяй інцыдэнты, дадаў міністр абароны Румыніі Ангел Цілвар. Паводле слоў намесніка кіраўніка вайсковага ведамства Польшчы Паўла Залеўскага, на сустрэчы міністраў абароны краін NATO ў кастрычніку неабходна будзе разгледзець пытанне аб знішчэнні беспілотнікаў, якія пранікаюць у іх паветраную прастору. «Мы пацвердзілі гібрыдныя атакі на хаўруснікаў, а таксама ўдзел Беларусі ў дзеяннях Расеі», - дадаў Залеўскі.

7 верасня расейскі дрон упершыню ўпаў у Латвіі, заляцеўшы з тэрыторыі Беларусі. У ноч на 8 верасня падобны інцыдэнт адбыўся ў Румыніі, што прымусіла вайскоўцаў падняць у паветра знішчальнікі. Расейскія беспілотнікі заляталі ў Румынію таксама ў ліпені гэтага года, у снежні і верасні 2023 г. Акрамя таго, падчас масаваных нападаў на Украіну расейскія ракеты неаднаразова заляталі на тэрыторыю Польшчы. У апошнія месяцы польскія ВПС некалькі разоў узнімалі ў неба знішчальнікі праз актыўнасць расейскай авіяцыі.

У святле сітуацыі, якая склалася, некаторыя чальцы альянсу сталі прапаноўваць выкарыстоўваць сродкі СПА NATO, каб збіваць расейскія ракеты і дроны ўжо над Украінай з тэрыторыі суседніх краін.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках