19 верасня 2024, Чацвер, 21:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пашынян: АДКБ стварае пагрозы бяспецы і суверэнітэту Арменіі

9
Пашынян: АДКБ стварае пагрозы бяспецы і суверэнітэту Арменіі
Нікол Пашынян

Прэм'ер-міністр Арменіі заявіў аб набліжэнні «пункта невяртання».

Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян мяркуе, што АДКБ стварае пагрозы бяспецы і суверэнітэту краіны, а стасункі з арганізацыяй блізкія да пункту невяртання. Аб гэтым ён заявіў падчас Сусветнага армянскага саміту. Раней кіраўнік армянскага ўрада неаднаразова заяўляў, што Арменія замарозіла сваё чаленства ў АДКБ.

«Мы замарозілі нашае сяброўства ў АДКБ не толькі таму, што АДКБ не выконвае свае абавязальніцтвы ў бяспецы ў дачыненні да Арменіі, але і таму, што, на нашу думку, АДКБ стварае пагрозы бяспецы Арменіі і яе будучаму існаванню, суверэнітэту і дзяржаўнасці Арменіі. І мы замарозілі нашае сяброўства ў АДКБ», — сказаў ён, паведамляе «Арменпрэс».

«Ідзе шмат дыскусій аб тым, ці спрабуе Арменія вярнуцца ў АДКБ. Мы цалкам адновім нашу дзейнасць у АДКБ толькі ў тым выпадку, калі на пастаўленыя намі пытанні будуць дадзеныя канкрэтныя адказы. Прайшло два гады з моманту нашага запыту, адказы не толькі не былі пачутыя, але ўжо відавочна, што яны не будуць пачутыя. Або, няхай гэта і не відавочна, але магу сказаць, што датуль, пакуль гэтыя адказы не будуць пачутыя і яны не будуць пераканаўчымі, Арменія з кожнай секундай адыходзіць усё далей і далей ад АДКБ.

У авіяцыі ёсць фраза «пункт незвароту». Калі мы яшчэ не прайшлі гэты пункт, то ёсць вялікая імавернасць, што, калі такая сітуацыя будзе працягвацца, мы пройдзем гэты пункт невяртання. Ні ў каго не будзе законных падстаў або падстаў абвінавачваць нас у гэтым», - растлумачыў Пашынян.

Гаворачы аб бяспецы Арменіі, прэм'ер-міністр заявіў, што ранейшая архітэктура бяспекі выявілася неэфектыўнай.

«Мы думалі, што зможам жыць у рэгіёне з закрытымі межамі, казаць так, як хочам, а нашыя хаўруснікі, далёкія ці блізкія, гарантуюць нашу бяспеку. Аднак выявілася, што трэція краіны могуць дзейнічаць як хочуць у сваіх інтарэсах. Таму гарантыя бяспекі нумар адзін - гэта мір», - адзначыў ён.

Са слоў Пашыняна краіна павінна спадзявацца на свае сілы, таму праводзіць рэформу войска. Ён падкрэсліў, што разлічвае ўрэгуляваць усе тэрытарыяльныя спрэчкі шляхам мірнага развязання, а не сілай.

«Рэспубліка Арменія прызнае тэрытарыяльную цэласнасць усіх краін рэгіёну, у нас няма тэрытарыяльных прэтэнзій да аніводнай краіны. Так, у нас ёсць акупаваныя тэрыторыі, больш за 200 квадратных кіламетраў, але ўрад РА не ставіць задачу вяртання гэтых тэрыторый ваенным шляхам, бо мы думаем, што падпісаная з Азербайджанам пастанова аб дэмаркацыі мяжы працуе, дае магчымасць і гэта магчыма, што мы ўрэгулюем гэтую праблему шляхам перамоў», - сказаў ён, перадае News.am.

Армянскі прэм'ер, нягледзячы на сваю пазіцыю па АДКБ, не мае намеру разрываць эканамічныя сувязі з краінамі ЕАЭС, хаця склад арганізацый шмат у чым супадае.

«У Арменіі няма задачы зніжэння аб'ёмаў тавараабарачэння або разрыву эканамічных сувязей з Расеяй і ЕАЭС», - сказаў ён.

З яго слоў, Ерэван мае намер павялічваць тавараабарачэнне і з ЕАЭС, і з Еўразвязам, дыверсіфікуючы свой гандаль. Ён таксама мяркуе, што Арменія не павінна ўпусціць шанц уступіць у ЕЗ.

«Калі мы ўбачым, што ёсць больш-менш рэальная магчымасць уступлення ў ЕЗ, мы не ўпусцім момант», - сказаў ён.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках