19 верасня 2024, Чацвер, 3:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уплывовы чалец Еўракамісіі Брэтон нечакана пайшоў у адстаўку

2
Уплывовы чалец Еўракамісіі Брэтон нечакана пайшоў у адстаўку
Ц'ЕРЫ БРЭТОН

Ён вядомы жорсткімі патрабаваннямі да тэхналагічных гігантаў і сацсетак.

Чалец Еўракамісіі, які адказвае за пытанні ўнутранага рынку ЕЗ, прадстаўнік Францыі Цьеры Брэтон у панядзелак заявіў пра сваю адстаўку. Ён апублікаваў ліст, накіраваны кіраўніцы Еўракамісіі Уршулі фон дэр Ляен, у якім сцвярджаецца, што яна прасіла ўлады Францыі адмовіцца ад вылучэння Брэтона ў новы склад Еўракамісіі.

Як адзначае агенцтва France Presse, перапрызначэнне Брэтона ўважалася за пэўнае. Аднак з ліста былога сябра Еўракамісіі вынікае, што ў апошні момант перад абвяшчэннем новага складу найвышэйшага выканаўчага органа ЕЗ фон дэр Ляен звярнулася да ўладаў Францыі з просьбай вылучыць іншую кандыдатуру. Пры гэтым Парыжу, як сцвярджаецца, было абяцана, што французскі прадстаўнік атрымае важны партфель у новым складзе камісіі. Брэтон заявіў, што ў такіх умовах не можа заставацца на пасадзе, і назваў апошнія падзеі «чарговым прыкладам сумнеўнага кіраўніцтва».

Установа, якую ўзначальваў Брэтон, апроч іншага, адказвала за пастаўкі і вытворчасць у ЕЗ вакцынаў ад COVID-19, а таксама за ваенную прамысловасць. Брэтон, акрамя таго, вядомы як прыхільнік жорсткай лініі ў дачыненні да тэхналагічных гігантаў і кампаній – уладальнікаў сацсетак. Ён настойваў на выкананні імі еўрапейскага заканадаўства, пагражаючы блакаваннем, сярод іншага, сацсеткі X, якая належыць Ілану Маску.

Які партфель цяпер атрымае Францыя ў новым складзе Еўракамісіі і хто будзе яе прадстаўляць, пакуль незразумела.

Фон дэр Ляен, якая прадстаўляе найбуйнейшую фракцыю ў Еўрапарламенце – Еўрапейскую народную партыю, была абраная ў якасці кіраўніцы Еўракамісіі на другі пяцігадовы тэрмін. Кандыдатуры ў новы склад камісіі будуць, як чакаецца, абвешчаныя заўтра. Паведамлялася, што знешнепалітычную ўстанову ЕЗ павінна ўзначаліць замест Жазэпа Барэля прадстаўніца Эстоніі Кая Калас.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках