19 верасня 2024, Чацвер, 19:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Думаў, што пра грошы спытаюць пазней»

15
«Думаў, што пра грошы спытаюць пазней»

Дальнабойнік з Манголіі страціў 25 тысячаў еўраў на ўездзе ў Беларусь.

Беларусаў і замежнікаў, якія перасякаюць межы нашай краіны, падпільноўвае мноства небяспек. Гэта не толькі магчымы допыт з праверкай тэлефонаў і затрыманнем пры выяўленні «непажаданага» для ўладаў кантэнту, але і фінансавыя рызыкі для тых, хто дрэнна знаёмы з парадкам дэкларавання грошай. Менавіта ў такую сумную сітуацыю патрапіў на ўездзе ў Беларусь кіроўца-міжнароднік з Манголіі і ў выніку страціў буйныя грошы. У чым была ягоная памылка? Дэталі сталі вядомыя з апублікаванай судовай пастановы, паведамляе «Люстэрка».

Дальнабойнік Ангур (імя выдуманае) родам з Улан-Батара рэгулярна ездзіў праз Беларусь праз працу. Аднойчы яму трэба было правезці з сабой з Еўразвязу буйную суму грошай – больш за 23000 еўраў. Мужчына звязаўся з амбасадай Манголіі ў Беларусі і ўдакладніў, ці можна гэта рабіць – там яму патлумачылі, што сумы большыя за 10000 даляраў у эквіваленце трэба дэклараваць. Адразу пасля гэтага ён рушыў на мяжу.

Ангур заязджаў у Беларусь з боку Польшчы праз пункт пропуску ў Берасці. Два дні ён прастаяў са сваім грузавіком, чакаючы кантролю. Калі падышла ягоная чарга, мытнікі спыталі па-расейску, ці вязе ён забароненыя тавары ці тавары, якія падлягаюць дэклараванню. Слова «грошы» ў пытанні не было, таму мужчына адказаў адмоўна – падумаў, што пытанне грошай будзе вызначацца пасля праходжання надгляднага канала, і не заявіў пра іх.

Гэта было вялікай памылкай. Пры аглядзе кабіны грузавіка мытнікі знайшлі складзеную ў футарал гатоўку – 23330 еўраў і 13500 вугорскіх форынтаў (блізу 35 еўраў). Таксама пры сабе ў мужчыны былі 160 польскіх злотых (таксама блізу 35 еўраў), 119000 расейскіх рублёў (блізу 1600 еўраў) і 80 беларускіх (блізу 30 еўраў на той момант).

СКРЫНШОТ СУДОВАЙ ПАСТАНОВЫ. КРЫНІЦА: БАНК СУДОВЫХ ПАСТАНОВАЎ НА PRAVO.BY

Не зразумеў працэдуру

Мытнікі заявілі жыхару Манголіі, што ён парушыў закон – правёз грошы памерам больш за 10000 даляраў без дэкларавання. Толькі тады Ангур, які дрэнна размаўляў па-расейску, запатрабаваў перакладніка. З ягонай дапамогай замежнік патлумачыў, што збіраўся задэклараваць грошы, але не ведаў, што гэта трэба рабіць на надглядным канале. Аднак гэтае тлумачэнне не пераканала мытнікаў, і на Ангура завялі адміністрацыйную справу паводле артыкула 15.5 КаАП (Недэклараванне альбо падача недакладных звестак аб таварах). Усе грошы ў яго канфіскавалі.

На судзе грамадзянін Манголіі не прызнаў сябе вінаватым. Ён заявіў, што не хацеў здзяйсняць парушэнне, наадварот, збіраўся дэклараваць грошы і нават спецыяльна загадзя ўдакладніў інфармацыю ў амбасадзе. На мяжы ён «у сілу слабога валодання расейскай мовай і агульнага няведання» проста няправільна зразумеў парадак працэдуры і не здагадаўся загадзя задаць пытанне працаўнікам мытні. Перад пачаткам кантролю яго не пыталіся пра грошы, якія ўвозяцца – толькі пра тавары, таму ён і падумаў, што мытнікі прапануюць яму задэклараваць гатоўку пазней.

СКРЫНШОТ СУДОВАЙ ПАСТАНОВЫ. КРЫНІЦА: БАНК СУДОВЫХ ПАСТАНОВАЎ НА PRAVO.BY

«Няма патрэбы ўдакладняць»

Аднак мытнікі, якія выступілі сведкамі на судзе, заявілі, што Ангур ва ўсім вінаваты сам. Паводле іх словаў, ён адказваў на іх пытанні па-расейску і не дэманстраваў неразумення, да апошняга не прасіў перакладніка. За час прастою ў чарзе ён мог бы пачытаць стэнды на мытным пасце, дзе парадак дэкларавання апісаны па-расейску і па-ангельску.

Чаму ж мужчыну не спыталі наўпрост, ці вязе ён грошы, бо тады ён сапраўды не заблытаўся б? Вось якім было тлумачэнне мытнікаў. Яго спыталі пра тое, ці ёсць тавары, якія «падлягаюць дэклараванню», а пад гэтымі словамі ў Мытным кодэксе ЕАЭС, высвятляецца, маецца на ўвазе і валюта, і каштоўныя паперы. Таму пры апытанні канкрэтна на грошах акцэнту не робяць.

«Неабходнасці канкрэтызацыі тавараў, якія падлягаюць мытнаму дэклараванню, не маецца на ўвазе значнай колькасці такіх», – заявіў адзін з супрацоўнікаў мытні ў судзе. Як замежнікі павінны разумець гэтыя нюансы, ніхто не патлумачыў.

СКРЫНШОТ СУДОВАЙ ПАСТАНОВЫ. КРЫНІЦА: БАНК СУДОВЫХ ПАСТАНОВАЎ НА PRAVO.BY

Няведанне не вызваляе ад адказнасці

У выніку суд прызнаў Ангура вінаватым у парушэнні. Як сказана ў пастанове, «пры неабходнай уважлівасці і прадбачлівасці» грамадзянін Манголіі мог бы разабрацца ў парадку працэдуры або ўдакладніць яе ў мытнікаў да ўезду на канал.

«Довады аб прычынах недэкларавання ў сілу неразумення і няведання не з'яўляюцца падставай для незмушэння яго да адміністрацыйнай адказнасці», – гаворыцца ў дакуменце.

Адзначаецца, што пры выбары захаду пакарання было ўзятае да ўвагі маёмаснае становішча Ангура, наяўнасць дзяцей, «памер прычыненай шкоды» і тое, што ён раней не змушаўся да адказнасці.

Аднак не падобна, што гэта неяк дапамагло мужчыну. Беларускі суд пастанавіў канфіскаваць у няўдачлівага грамадзяніна Манголіі ўсе канфіскаваныя грошы – блізу 25000 еўраў у эквіваленце. А ў дадатак яшчэ і прызначыў штраф памерам 5 базавых велічыняў, што на той момант складала 185 рублёў.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках