19 верасня 2024, Чацвер, 19:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У прыгранічных з Беларуссю польскіх і літоўскіх мясцовасцях зафіксаваныя скачкі гама-выпраменьванняў

8
У прыгранічных з Беларуссю польскіх і літоўскіх мясцовасцях зафіксаваныя скачкі гама-выпраменьванняў

Названая прычына.

Паветра ў Гарадзенскай вобласці магло быць забруджанае радыеактыўнымі элементамі, якія выдзяляліся падчас пажараў у Чарнобыльскай зоне. Маніторынг узроўню радыяцыі ў паветры з 10 да 15 верасня ў прымежных з Беларуссю польскіх і літоўскіх мясцовасцях паказаў скачкі гама-выпраменьванняў. На гэта звярнуў увагу адзін з чытачоў Hrodna.life.

Асноўны скачок у Польшчы быў 10 верасня

У перыяд, калі гарадзенцы назіралі смог і адчувалі пах гару ў паветры, у прыгранічных мясцовасцях Літвы і Польшчы назіраўся скачок узроўню радыеактыўных элементаў у паветры. Пра гэта сведчаць графікі на сайце Групы маніторынгу радыеактыўнасці навакольнага асяроддзя (REM) Аб'яднанага даследчага цэнтра (JRC) Еўрапейскай камісіі.

Напрыклад, у пункце замеру ў польскай вёсцы Сідра (27 км ад Гародні), скок назіраўся 10 верасня. Пры сярэднім паказчыку гама-выпраменьванняў 0,07 мікразівертаў на гадзіну (мкЗв/г), 10 верасня ён дасягнуў адзнакі 0,092 мкЗв/г. Наступны скачок зафіксавалі 15 верасня — 0,083 мкЗв/г.

Аналагічная сітуацыя назіралася і ў вёсцы Бартніках (9 км ад Сапоцкіна). Сярэдні паказчык гама-выпраменьванняў там - 0,084 мкЗв/г. Скачок адбыўся 10 верасня — 0,116 мкЗв/г, але ў наступныя дні графік выраўняўся.

У Літву радыяцыю «прыцягнула» пазней - 12 і 13 верасня

У літоўскай вёсцы Дубінінкас (блізу 50 км ад Гародні) першы скачок адбыўся 10 верасня - 0,043 мкЗв/г і з таго дня паказчык паступова рос: 0,049 мкЗв/г 12 верасня і 0,051 мкЗв/г 13 верасня. Сярэдні паказчык для гэтага рэгіёну - 0,033 мкЗв/г.

У Дзевянішкісе, што побач з Лідай, пік радыенуклідаў у паветры служба маніторынгу зафіксавала 12 і 13 верасня — 0,071 і 0,073 мкЗв/г адпаведна.

На тэрыторыі Беларусі змен не зафіксавалі

На сайце REM няма звестак аб узроўні радыяцыі на тэрыторыі Беларусі. Выглядае на тое, што звесткі з аніводнага з беларускіх пунктаў замераў не перадаюцца ў сэрвіс.

На сайце Белгідрамета паведамляецца, што з 5 да 13 верасня «радыяцыйная абстаноўка ў рэспубліцы застаецца без зменаў». У Менску, Віцебску, Берасці і Гародні паказчык гама-выпраменьванняў склаў 0,11 мкЗв/г, што «адпавядае шматгадовым устаноўленым значэнням». Такім чынам паказчыкі, якія Белгідрамет падае як стандартныя, у Польшчы і Літве ўважаюцца за павышаныя ў параўнанні з сярэднім узроўнем.

Бяспечным узроўнем уважаецца паказчык да 0,2 мкЗв/г - у гэтым выпадку радыяцыя не проычыняе шкоды арганізму. Гэта значыць, значныя скачкі ўзроўню радыяцыі, якія былі зафіксаваныя ў наваколлях Гародні, не прычынілі людзям шкоды. Але яны могуць быць ускосным пацвярджэннем таго, што пах гары і смог у небе зыходзілі ад пажараў у ваколіцах Чарнобыля.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках