Сёння - 10 гадоў з дня смерці вядомага беларускага выдаўца і журналіста Пятра Марцава
2- 14.09.2024, 20:15
- 4,248
Ён даказаў, што чалавек можа быць мацнейшы за дзяржаўную машыну, калі ён неадступны.
Пра гэта ў «Фэйсбуку» напісаў вядомы беларускі журналіст Сяргей Ваганаў:
- 10 гадоў без Пятра Марцава. Насуперак абяцанням узрушаных яго смерцю сяброў і калег, не так ужо часта мы звяртаемся публічна да яго вобразу і досведу. Журналістыка, якой ён прысвяціў, і аддаў, сваё жыццё, сёння мяжуе з артыкулам крымінальнага кодэкса.
Тым больш, ёсць неабходнасць успомніць Пятра сёння, і не забывацца. Адно я паправіў бы ў тэксце, напісаным 10 гадоў таму, сцвярджаючы, што ён - адзіны з тых, хто пайшоў, хто даказаў сваю неадступнасць. Трое іх з таго пакалення - Пётр Марцаў, Ігар Гермянчук, Алесь Ліпай.
«Чалавек-легенда... Чалавек-эпоха... Усё правільна. Пётр Марцаў заслужыў такія адзнакі сваім да болю кароткім жыццём. Ён адзіны са свайго пакалення журналістаў даказаў, што чалавек можа быць мацнейшы за жорсткую дзяржаўную машыну, калі гэты чалавек неадступны. Але гэта не ўсё.
Мы з розных гадоў, з розных пакаленняў, але ў дачыненнях, якія здараліся, на жаль, рэдка, заўсёды вяршэнствавала ўзаемная сімпатыя, узаемная павага, узаемнае разуменне не толькі адзін аднаго, але і прыхільнасці да адных прафесійных і маральных каштоўнасцяў журналістыкі.
Чытаю сёння ўспаміны людзей, якія ведалі Пятра блізка, супрацоўнічалі з ім, любілі яго. І зусім узрушаны лавінай гэтай любові. Можна па-рознаму меркаваць аб тым, адкуль сарвалася гэтая лавіна.
Але я думаю, што яна сарвалася з вышыні, на якую ён узнёс любоў да справы і да людзей - паплечнікаў, супрацоўнікаў, сяброў - сам Пётр. І калі мы гаворым пра яго - чалавек-эпоха, то гэта значыць толькі адно: чалавек становіцца эпохай, калі ўзносіцца да вяршыняў Любові. 14 верасня 2014-га года».