Беларускам прапануюць віп-шопінг са стылісткай у Італіі
14- 14.09.2024, 11:38
- 6,784
Але ёсць дзіўны нюанс.
Менская блогерка, стылістка, галоўная рэдактарка сайта пра моду salon375.by Таццяна Кейзерава прапануе беларускім жанчынам праехацца па буціках Мілана на шопінг. Кошт уражвае, але ёсць незвычайны бонус - інвалід першай групы, піша «Наша Ніва». Здагадайцеся, для чаго ў кампанію спецыяльна запрашаюць такога чалавека?
Кошт тура, які працягнецца менш за тыдзень, - 1 600 еўраў. У гэтую суму ўваходзяць трансфер Менск-Коўна, пералёт у Мілан і назад у Літву, 4-зоркавы атэль у Італіі і тры дні шопінгу ў аутлетах модных брэндаў у кампаніі стылістыкі - самой Таццяны. Яна абяцае, што дапаможа кожнай з удзельніц набыць рэчы, якія будуць пасаваць, а таксама гарманічна спалучацца паміж сабой.
Але самае цікавае тое, што блогерка абяцала забяспечыць удзельніцам прыярытэтны праезд праз беларуска-літоўскую мяжу. Прапанова інтрыгуе, асабліва з улікам таго, што людзі праводзяць на мяжы шмат гадзін. Як жа можна абысці сістэму?
Адна з чытачак “Нашай Нівы” спытала ў Таццяны, як яна плануе забяспечыць той самы прыярытэтны праезд. І вось які атрымала адказ:
"У нас будзе маршрутка на літоўскіх нумарах і інвалід першай групы".
Людзям з інваліднасцю такой ступені дазваляецца праезд цераз мяжу без чаргі. Гэтым і хоча скарыстацца арганізатарка шоп-тура.