Беларусу, які абвясціў галадоўку праз захраслы ў Клайпедзе аўтамабіль, стала дрэнна
27- 14.09.2024, 10:35
- 10,134
Яго забрала хуткая.
53-гадоваму беларусу Рыгору Алексіевічу, які абвясціў у Клайпедзе 8 верасня галадоўку, стала дрэнна і яго забрала хуткая дапамога. Пра гэта ён сам паведаміў «Новой газете. Балтия», даслаўшы відэа з хуткай.
- Пацямнела ў вачах, рэзка абмяклі рукі і ногі. Цяпер цяжка гаварыць, - удакладніў мужчына, які, паводле ягоных слоў, у гэты момант знаходзіўся на Клайпедскай тэрытарыяльнай мытні. - Лекары падазраюць сардэчны прыступ.
Медыкі, якія прыбылі на выклік, удакладнілі, што Рыгора Алексіевіча шпіталізуюць у Клайпедскую ўніверсітэцкую лякарню. Раней ён расказваў, што гатовы трымаць бестэрміновую галадоўку.
- Напэўна, нервы здаюць, - выказаў меркаванне беларус.
Напярэдадні падавалася, што ягоная галадоўка мела вынік.
Лагістычная кампанія, якая займаецца афармленнем мытных дакументаў, перадала аўтамабіль у порт Клайпеды, а беларусу выдалі транзітныя нумары.
- Я думаў, што ўсё атрымалася, але калі я прыйшоў у порт, мне назвалі ранейшыя аргументы, спаслаўшыся на санкцыйныя абмежаванні, - дадаў Рыгор.
Нагадаем, гібрыдны Honda CR-V (2020 г. ст.) Рыгор Алексіевіч здабыў на папулярным амерыканскім аўкцыёне Copart у красавіку 2024 года. Пакуль пазадарожнік знаходзіўся на шляху ў Літву, былі прыняты меры для ўзмацнення санкцый у дачыненні да грамадзян Беларусі. З 4 чэрвеня 2024 года, каб завезці некаторыя легкавікі (з рухавіком аб'ёмам больш за 1,9 літра), трэба падаць дадатковыя дакументы. У тым ліку дэкларацыю вытворцы транспартнага сродку аб тым, што аўтамабіль не будзе прададзены ў Расею. Зразумела, такой даведкі ў пакупнікоў няма - амерыканскія аўкцыёны іх не выдаюць.
У выніку, паводле неафіцыйных звестак, блізу 4 тысяч легкавікоў, набытых беларусамі, затрымаліся ў Клайпедзе. Уладальнікі гэтых аўтамабіляў сцвярджаюць, што пры абмеркаванні абмежаванняў была прадугледжаная агаворка: калі аўто былі набыты да 1 ліпеня, то іх выпускаць у абарачэнне можна. Але гэты аргумент не пераконвае літоўскія ўлады.
На мінулым тыдні беларус прыехаў у Клайпеду, каб на месцы разабрацца ў праблеме. Аднак вычарпаўшы магчымасці, абвясціў галадоўку.
Нягледзячы на тое, што зараз мужчына знаходзіцца ў шпіталі, ён працягвае галадоўку, адмаўляецца прымаць ежу і лекі. У размове з “Новай газетай. Балтия” ён згадаў, што, акрамя беларускага, ён мае грамадзянства ЗША. У медычнай установе яго прынялі як амерыканца і размаўляюць з ім па-ангельску.