Двое жыхароў Мядзельскага раёна катавалі суседа распаленым прасам
1- 12.09.2024, 15:04
- 6,064
Ім вынеслі прысуд.
У Мядзелі абвясцілі прысуд двум жыхарам вёскі Брусы, якія катавалі распаленым прасам аднавяскоўца. Падрабязнасці крымінальнай справы расказаў намеснік пракурора Мядзельскага раёна Андрэй Гавета, піша kraj.by.
Абвінавачаныя - 45-гадовы і 48-гадовы ўраджэнцы Менска і Іўеўскага раёна, якія пражывалі ў Брусах. Іх судзілі паводле другой часткі артыкула 207 Крымінальнага кодэкса (Разбой).
Паводле матэрыялаў справы, увечары 15 траўня абвінавачаныя пілі разам у доме ў аднаго з іх. Падчас размовы адзін з фігурантаў сказаў, што, пакуль ён быў на працы ў Менску, нехта разабраў яго вадзяныя помпы «Ручайкі». Пасля гэтага яны пачалі перабіраць варыянты, хто б гэта мог зрабіць, і прыйшлі да высновы, што датычны іх сусед з вёсцы. Таксама яны згадалі, што ў яго дома ёсць залатая манета наміналам 10 рублёў 1899 года выпуску, і надумалі забраць яе, каб потым прадаць і зарабіць дзве тысячы беларускіх рублёў.
Фігуранты прыйшлі дадому да аднавяскоўца, але ён быў п'яны і ўжо спаў. Аднак няпрошаныя госці разбудзілі мужчыну і сказалі, што падазраюць яго ў крадзяжы вадзяных помпаў. Ён гэтыя абвінавачванні адпрэчыў, пасля чаго абвінавачаныя пачалі патрабаваць у яго залатую манету.
«Абвінавачваныя нанеслі аднавяскоўцу сем удараў рукамі па тулаве і па галаве, а таксама два ўдары па тулаве драўлянай палкай. Пацярпелы не прызнаваўся знаёмым, дзе знаходзіцца залатая манета. Тады яны, выявіўшы ў хаце прас, уключылі яго ў разетку. Адзін з мужчын агаліў цела пацярпелага ад пояса да грудзей і ўтрымліваў яго. Другі зрабіў не менш за 10 кантактаў паверхняй распаленага праса з тварам і жыватом. Тым не менш пацярпелы так нічога і не паведаміў аднавяскоўцам аб месцазнаходжанні манеты», - распавёў пракурор.
Мужчына атрымаў апёкі твару, грудзей і жывата рознай ступені плошчай 8% ад усёй паверхні цела. Акрамя таго, у яго была гематома слізістай шчакі, ранкі ў раёне паясніцы, сінякі.
У судзе абодва нападнікі прызналі сваю віну ў поўным аб'ёме. Суд пакараў кожнага з іх пазбаўленнем волі на восем гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафам сумай 100 базавых адзіак (4000 рублёў).
Да ўваходжання прысуду ў дзеянне яны знаходзяцца пад вартай.