Гіганцкія сляды драпежных дыназаўраў паказалі на тое, што яны жылі каля Антарктыды
10- 11.09.2024, 21:19
- 3,062
Але застаецца загадкай, чым яны харчаваліся зімой.
Навукоўцы выявілі на паўднёвым узбярэжжы Аўстраліі сляды дыназаўраў-тэраподаў. Яны захаваліся яшчэ з часоў, калі кантынент быў звязаны з Антарктыдай. Сляды даказваюць, што буйныя дыназаўры жылі там, калі ён амаль дакранаўся Паўднёвага палярнага кола, чаму цягам некалькіх месяцаў у гэтым раёне панавала амаль поўная цемра, паведамляе IFLScience.
Фармацыя Вантагі на паўднёвы ўсход ад Мельбурна была багатай крыніцай закамянеласцяў узростам 120–128 мільёнаў гадоў. У ёй былі выяўленыя раней невядомыя віды дробных траваедных дыназаўраў, а таксама некалькі продкаў млекакормных, нашчадкі якіх засялілі Зямлю пасля вымірання дыназаўраў.
Той факт, што Аўстралія ў мінулым знаходзілася значна паўднёвей, азначае, што гэтыя істоты жылі ў асяроддзі, аналагаў якому не было. Зімовыя ночы былі такімі ж доўгімі, як і сёння ў Антарктыдзе. Але клімат быў значна цяплейшы, не толькі таму, што на ўсёй планеце было значна гарачэй, але і таму, што адсутнасць Антарктычнай цыркумпалярнай плыні азначала, што цёплыя воды з экватара маглі лягчэй дасягаць гэтага месца. Закамянеласці мясцовых жывёлаў цяпер схаваныя пад пластамі лёду, але фармацыя Вантагі дапамагае больш даведацца пра іх.
У гэтым рэгіёне былі выяўлены косткі тэраподаў, але іх істотна менш, чым рэштак траваедных арнітаподаў, якія былі іх асноўнай здабычай. Але калі справа датычыць слядоў, справы ідуць інакш.
Навукоўцы здолелі знайсці 18 слядоў тэраподаў у параўнанні з чатырма ад арнітаподаў і двума неапазнанымі. Больш за тое, хоць тэраподы моцна адрозніваліся памерам, 15 з гэтых слядоў былі пакінутыя гіганцкімі жывёламі.
«Гэтыя шматлікія сляды з'яўляюцца найлепшым доказам таго, што гэтыя былыя палярныя асяродкі пасялення падтрымлівалі буйных драпежнікаў. Буйныя тэраподы, верагодна, сілкаваліся здабычай, такой як драбнейшыя дыназаўры, рыбы і чарапахі», – заявіў Энтані Марцін з Універсітэта Эмары.
Даўжыня самага вялікага следа складала 47 сантыметраў, гэта робіць яго самым буйным следам тэраподаў у паўднёвай Аўстраліі. «Вышыня сцягна гэтага тэрапода была прыкладна такая самая, як поўны рост высокага сучаснага чалавека – ці крыху больш за шэсць футаў (прыкладна 1,8 метра – рэд.)», – адзначыў Марцін.
Пытанне, як дыназаўры перажывалі палярныя зімы, цікавіць навукоўцаў з таго часу, як двое суаўтараў Марціна, доктар Томас Рыч і прафесар Пэт Вікерс-Рыч, выявілі іх прысутнасць у 1970-я гады. Ці ўпадалі яны ў спячку, мігравалі на поўнач ці ж здавольваліся тым, што было даступна – на гэтыя пытанні ў навукоўцаў няма адказаў.
Адказы могуць даць сляды, якія паказваюць, што часам здабыча сярэдняга памеру была настолькі багатай, што дазваляла буйным драпежнікам жыць тут. З іншага боку, пакідае адкрытымі пытанні адсутнасць буйных траваедных і нястача драбнейшых драпежных жывёлаў.