Дэбаты Гарыс і Трампа: парадак дня, чаканні, кантэкст
21- 10.09.2024, 19:38
- 10,674
90-хвілінны момант ісціны адбудзецца сёння ўначы.
Віцэ-прэзідэнтка Камала Гарыс (кандыдатка ў прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі) і экс-прэзідэнт Дональд Трамп (кандыдат ад рэспубліканцаў) сустрэнуцца вечарам у аўторак на тэледэбатах.
Дэбаты пройдуць у аўторак увечары паводле амерыканскага часу; у Еўропе і Беларусі будзе глыбокая ноч.
Маючыя адбыцца дэбаты - важны момант прэзідэнцкай гонкі напярэдадні выбараў 5 лістапада.
Гарыс і Трамп ні разу не сустракаліся і нават не размаўлялі адзін з адным праз тэлефон, аднак увечары ў аўторак, у будынку размешчанага ў Філадэльфіі Нацыянальнага цэнтра па вывучэнні канстытуцыі яны будуць знаходзіцца на зусім невялікай адлегласці адзін ад аднаго. Цягам 90 хвілін яны будуць адказваць на пытанні, якія будуць задаваць двое вядучых ABC News - Дэвід М'юір і Лінсі Дэвіс.
Мерапрыемства адбудзецца за восем тыдняў да афіцыйнага дня выбараў і за некалькі дзён да пачатку датэрміновага галасавання ў некаторых з 50 штатаў краіны.
Нацыянальныя апытанні паказваюць, што разрыў паміж кандыдатамі па-ранейшаму вельмі невялікі.
Калі ранейшы кандыдат ад дэмакратаў, прэзідэнт Джо Байдэн, адставаў ад Трампа ў апытаннях, то Гарыс у шматлікіх нацыянальных апытаннях апярэджвае Трампа на 2-3%.
Апытанне New York Times-Siena College, апублікаванае ў нядзелю, паказала, што Трамп апярэджвае Гарыс на адзін адсотак, 48% супраць 47% нягледзячы на тое, што паводле апытання выдання New York Times, Гарыс мае перавагу ў трох найважнейшых штатах: Вісконсіне, Мічыгане і Пенсільваніі. У Арызоне, Джорджыі, Невадзе і Паўночнай Караліне кандыдаты ідуць нараўне.
Чакаецца, што сем штатаў, у якіх разгарнулася перадвыбарная барацьба, адыграюць вызначальную ролю ў вызначэнні вынікаў выбараў, бо ў ЗША прэзідэнт і віцэ-прэзідэнт абіраюцца не шляхам усенароднага галасавання.
Выбары праходзяць па 50 штатах, і выбарцы ад партыі, якая перамагла ва ўсіх штатах, акрамя двух, аддаюць усе свае галасы ў Калегіі выбарцаў альбо за Гарыс і яе кандыдата ў віцэ-прэзідэнты, губернатара Мінесоты Ціма Уолца, альбо за Трампа і яго кандыдата ў віцэ-прэзідэнты, сенатара ад Агаё Джэй Ды Вэнса. Колькасць галасоў у калегіі выбарцаў ад кожнага штата залежыць ад колькасці насельніцтва, таму найбольшую вагу маюць самыя густанаселеныя штаты.
Новае апытанне Times-Siena сведчаць аб тым, што стаўкі на дэбатах асабліва высокія для Гарыс: 28% апытаных заявілі, што ім неабходна даведацца пра яе больш, у той час як аб Трампе тое ж самае сказалі толькі 9%.
Інструктар па правядзенні дэбатаў з Мічыганскага ўніверсітэта Аарон Кал сказаў «Голасу Амерыкі», што «ў аўторак увечары адбудуцца адны з самых доўгачаканых і значных прэзідэнцкіх дэбатаў усіх часоў».
«Трамп - дасведчаны ўдзельнік прэзідэнцкіх дэбатаў, але ў мінулым ён выступаў з неадназначнымі выказваннямі на адрас апанентаў на сцэне, што можа адцягнуць увагу ад больш важных палітычных пытанняў», - адзначыў эксперт.
«Гарыс толькі ўступіла ў гонку ў ліпені, і стаўленне да яе з боку выбарцаў і кампаніі Трампа ўсё яшчэ складваецца. Яна павінна прадэманстраваць, што можа крытычна ацаніць першы прэзідэнцкі тэрмін Трампа і яго апошнія дзеянні, - растлумачыў Кал. - Трамп умее эфектыўна парыраваць і можа выкарыстаць стратэгію выпаленай зямлі, калі адчуе, што яго атакуюць несправядліва».
Падчас дэбатаў правілы для ўдзельнікаў будуць такімі ж, як і ў чэрвені падчас дэбатаў Байдэна і Трампа. Мікрафон аднаго кандыдата будзе адключаны, калі выступае іншы. У кожнага з удзельнікаў будуць дзве хвіліны, каб адказаць на пытанне вядоўцы; потым у другога будзе хвіліна, каб пракаментаваць адказ апанента.
Права на аборт, іміграцыя на мяжы ЗША з Мексікай, узровень злачыннасці ў краіне і персанальныя якасці - вось пытанні, якія, хутчэй за ўсё, будуць паднімаць вядоўцы ABC.
Дарадцы Трампа і яго паплечнікі-рэспубліканцы заклікаюць яго засяродзіцца ў аўторак на нелегальнай іміграцыі і высокіх коштах і прадставіць Гарыс як занадта ліберальнага палітыка.
Са свайго боку, Гарыс таксама крытыкавала Трампа.
На нацыянальным з'ездзе Дэмакратычнай партыі, які прайшоў у мінулым месяцы, прымаючы намінацыю на пасаду прэзідэнта, Гарыс сказала: «У шматлікіх дачыненнях Дональд Трамп - несур'ёзны чалавек, але наступствы (магчымага) вяртання Дональда Трампа ў Белы дом надзвычай сур'ёзныя».
У той час, як усякія асабістыя нападкі прыцягнуць шмат увагі, асабліва ў сацыяльных сетках, кандыдаты, хутчэй за ўсё, засяродзяцца падчас дыскусіі на некалькіх галоўных пытаннях.
Прадстаўнік кампаніі Гарыс сказаў, што віцэ-прэзідэнтка, як чакаецца, раскрытыкуе Трампа за забарону на аборты і ахарактарызуе яго як чалавека, непрыдатнага для кіраўніцтва краінай.
Чакаецца таксама, яна раскажа пра свае планы па ўмацаванні сярэдняга класа і зніжэнні спажывецкіх цэн.
Аборты сталі галоўнай тэмай для Гарыс і дэмакратаў з 2022 года, калі Вярхоўны суд, які ўключае ў свой склад трох кансерватыўных суддзяў, вылучаных Трампам, скасаваў канстытуцыйнае права на аборт.
У сваіх выступах Гарыс ускладала адказнасць за гэтую пастанову на Трампа, называючы розныя абмежаванні, уведзеныя штатамі, «забаронамі Трампа на аборты».
Яна таксама звязвала Трампа з «Праектам 2025», кансерватыўным планам аналітычнага цэнтра Heritage Foundation, які, напрыклад, прапануе пашырыць выканаўчую ўладу, скасаваць экалагічныя нормы і зрабіць незаконнай дастаўку таблетак для штучнага перапынення цяжарнасці праз межы штатаў.
Трамп мяняе рыторыку ў дачыненні да абортаў, дыстанцуючыся ад «Праекту 2025», хоць многія з яго былых дарадцаў удзельнічалі ў яго распрацоўцы.
Са свайго боку, Трамп будзе звязваць Гарыс з іміграцыйнай палітыкай адміністрацыі Байдэна, вінавацячы яе ў рэкорднай колькасці мігрантаў, якія перасякаюць мяжу да таго, як нядаўняя серыя прэзідэнцкіх указаў спрыяла значнаму зніжэнню іх колькасці.
Ён таксама, магчыма, абвінаваціць Гарыс у тым, што спажывецкія кошты ў краіне застаюцца высокімі, узмацняючы песімістычныя настроі ў грамадстве, нягледзячы на значны рост колькасці працоўных месцаў і павышэнне заробку.