На лыжным курорце пад Менскам прадаецца ўтульны дом
4- 10.09.2024, 9:58
- 4,864
З панарамнымі вокнамі, высокімі столямі і стыльным інтэр'ерам.
Побач з гарналыжнымі комплексамі, з хвоямі на пляцы і лесам на мяжы, прадаецца дом у стылі фахверк - з панарамнымі вокнамі, высокімі столямі і стылёвым інтэр'ерам, піша realt.by.
СТ «Вярагі» знаходзіцца ў папулярным Лагойскім кірунку, побач з галоўнымі гарналыжнымі комплексамі ў Лагойску і Сілічах. Месцы маляўнічыя, лясныя, са складаным рэльефам. Таварыства сучаснае, абгароджанае, газіфікаванае, ёсць дзіцячыя пляцоўкі, зімой дарогі чысцяцца. Забудова пераважна катэджная.
Самы танны пляц з класічным домікам на Realt каштуе 21 500 даляраў. Варта сказаць, што такіх тут няшмат - часцей сустракаюцца паўнавартасныя загарадныя дамы з пражываннем круглы год. Праўда, і каштуюць яны даражэй - ад 95 тысяч даляраў.
Да апошняга тыпу адносіцца і гэты дом на крайняй вуліцы, каля самага лесу. Выглядае ён па мясцовых мерках даволі незвычайна: аднапавярховы, невысокі, дах спадзісты, з вельмі шырокімі навісямі, вокны панарамныя, франтоны шкляныя.
Ён новы - пабудаваны ў 2023 годзе. Гэта фахверкавы дом, у аснове якога знаходзіцца трывалы каркас з клеенага бруса. Ён складаецца з злучаных паміж сабой вертыкальных, гарызантальных і дыяганальных элементаў - стоек, бэлек, раскосаў. Прастора паміж утворанымі імі секцыямі запоўнена высокаэфектыўным уцяпляльнікам і энэргаэфектыўнымі аконнымі сістэмамі. З вонкавага боку каркасныя элементы застаюцца адкрытамі, у чым і палягае адная з галоўных асаблівасцяў стылю фахверк.
Агульная плошча дома - 137 квадратаў, 77 м2 - жылая.
Планіроўка простая і функцыянальная: гасцёўня, кухня, дзве спальні, вітальня, сумешчаны санвузел і ацяпляльня.
З двух бакоў дома размешчаны тэрасы, прыкрытыя ад ападкаў шырокімі навісямі даху.
Пад усім пляцам дому знаходзіцца падмурак з пліт з вадзянымі цёплымі падлогамі, якія працуюць у пары з электракатлом. За падтрыманне камфортнай тэмпературы адказвае і сістэма кандыцыянавання. Водазабеспячэнне з уласнай свідравіны, каналізацыя мясцовая.
Пры будаўніцтве дома захавалі адну з галоўных добрых якасцяў пляцу - дарослыя хвоі можна бачыць прама з панарамных вокнаў.
Дзякуючы святлопразрыстай агароджы, мяжа паміж прыватнай тэрыторыяй і лесам практычна не прыкметная. Памер пляцу – 10,5 соткі. На ім прадугледжанае месца пад лазню.
А каштуе ж гэты фахверк каля гарналыжнага курорта 219 000 даляраў.