7 кастрычнiка 2024, панядзелак, 4:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ заклікаў Лукашэнку вызваліць усіх палітвязняў

16
ЕЗ заклікаў Лукашэнку вызваліць усіх палітвязняў

Брусэль выпусціў заяву да чацвёртай гадавіны рэвалюцыі ў Беларусі.

Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль выступіў з заявай у сувязі з чатырохгадовай гадавінай прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

«Чатыры гады таму, 9 жніўня, народ Беларусі выйшаў на вуліцы, каб мірна пратэставаць супраць фальсіфікацый прэзідэнцкіх выбараў і спробы Лукашэнкі адабраць у яго права вызначаць сваю будучыню. З таго часу, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі, беларускі народ неаднаразова і смела бароніць свае правы чалавека і дэмакратычную будучыню сваёй краіны. Рэжым Лукашэнкі адказаў маштабнай кампаніяй гвалту і запалохвання супраць уласнага народа», - гаворыцца ў заяве.

Барэль нагадвае, што ў беларускіх турмах знаходзяцца сотні палітвязняў, але гэта толькі малая частка людзей, якія зазналі рэпрэсіі. У краіне ідуць маштабныя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, СМІ, праваабаронцаў, незалежных прафзвязаў, прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў і «супраць усіх простых грамадзян, якія выказваюць свае погляды, як унутры краіны, так і за яе межамі».

«Многія ўтрымліваюцца без сувязі з вонкавым светам больш за год. У некаторых затрыманых ёсць небяспечныя для жыцця захворванні, і ім патрабуецца тэрміновая медыцынская дапамога. Такое абыходжанне са зняволенымі і затрыманымі парушае міжнароднае права і ўласныя абавязацельствы Беларусі. У сваім апошнім дакладзе Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека заявіў, што ёсць разумныя падставы меркаваць, што ў Беларусі магло быць учыненае злачынства пераследу, якое з'яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці», - гаворыцца ў заяве.

ЕЗ заклікаў неадкладна і безумоўна вызваліць усіх несправядліва затрыманых.

Еўразвяз адзначае ўзрастаючую пагрозу суверэнітэту Беларусі і нагадвае, што Беларусь з'яўляецца суўдзельніцай вайны супраць Украіны.

«Беларускі суверэнітэт і ідэнтычнасць знаходзяцца пад пагрозай, якая нарастае. Апроч шырокамаштабных унутраных рэпрэсій, беларускі рэжым з'яўляецца суўдзельнікам незаконнай агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны. Акрамя палітычнай, ваеннай і матэрыяльна-тэхнічнай падтрымкі, ён садзейнічае незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з тэрыторый Украіны, часова акупаваных Расеяй. З 2021 года рэжым таксама арганізуе міграцыйны ціск на вонкавыя межы ЕЗ», - адзначаецца ў заяве.

Еўразвяз заяўляе, што па-ранейшаму падтрымлівае народ Беларусі, дэмакратычны рух і грамадзянскую супольнасць у імкненні да свабоднай, дэмакратычнай, незалежнай і суверэннай Беларусі як часткі мірнай Еўропы.

«Як толькі Беларусь пачне пераход да дэмакратыі, ЕЗ надасць падтрымку для стабілізацыі яе эканомікі і рэфармавання інстытутаў, у тым ліку праз Комплексны план эканамічнай падтрымкі на суму да 3 мільярдаў еўраў. Мы працягнем дамагацца таго, каб галасы беларускага народа былі пачутыя», - гаворыцца ў заяве.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках