«Кітайскія таварышы заклікаюць Лукашэнку вызваліць палітвязняў і наладзіць стасункі з Польшчай»
16- 28.08.2024, 15:51
- 28,458
Для вызвалення вязняў сумлення не трэба вынаходзіць веласіпед.
Як вызваліць беларускіх палітвязняў? Пра гэта журналіст «Радыё Рацыя» паразмаўляў з каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былым вязнем сумлення Змітром Бандарэнкам.
- Зміцер, праблема вызвалення палітвязняў - гэта праблема нумар адзін для беларускага грамадства. Але пытанне гэтае, як высветлілася, цяжка развязаць. Вы згодны са мной?
- Безумоўна. Таму што зараз свет хвалюе не толькі пытанне вызвалення палітвязняў, а найперш, асабліва ў нашым рэгіёне, вайна ва Украіне. І падзяліць сёння гэтыя пытанні вельмі складана. Тут можа быць толькі нейкае комплекснае развязанне праблемы.
- У Марока і Тайландзе юбілеі каралеўскіх сем'яў часта суправаджаюцца амністыямі, што з'яўляецца часткай культурных традыцый гэтых краін. Напрыклад, у Марока ў 2019 годзе ў гонар дваццацігоддзя знаходжання караля на троне паводле амністыі было вызвалена больш за чатыры тысячы чалавек. Гэта сімвал велікадушнасці манарха. Чаму Лукашэнка не выкарыстоўвае такую практыку? Напрыклад, у яго было трыццацігоддзе ўтрымання прэзідэнцкай табурэткі. Хутка яму будзе 70 год. Чаму не пайсці паводле такога прынцыпу, як гэта адбываецца ў Марока і Тайландзе? Чаму не праявіць велікадушнасць?
- Дзякуй Богу, што ў Беларусі ўсё ж такі не манархія. Але калі казаць пра Тайланд і Марока, у гэтых краінах манархія мае традыцыю ўжо на сотні гадоў (можа, і на тысячы). І манархі ў Марока і Тайландзе - гэта, як правіла, высокаадукаваныя людзі, для якіх дзяржаўныя і нацыянальныя традыцыі нешта значаць. А Лукашэнка - гэта проста дробны дыктатар, кіраўнік саўгаса, плюс яшчэ паталагічная асоба. Гэта псіхічна хворы чалавек, якому вельмі складана рабіць якія-небудзь крокі для вызвалення людзей, якіх ён разглядае як сваіх асабістых ворагаў.
- Звароты спецдакладчыцы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Беларусі Анаіс Марын аб вызваленні палітвязняў, як яна казала, засталіся без адказу. Што вы скажаце пра гэта?
- Думаю, што сённяшні спецдакладчыца ААН аб Беларусі - гэта вельмі адказны, вельмі працавіты чалавек, ейная праца не была марнай. Мы ведаем, што на палях арганізацыі ШАС, куды нядаўна ўцягнулі і рэжым Лукашэнкі, адбылася сустрэча беларускага дыктатара з кіраўніком Арганізацыі Аб'яднаных Нацый Гутэрышам, які сам з'яўляецца партугальцам. І вядома, што падчас гэтай размовы Гутэрыш давёў да Лукашэнкі інфармацыю гэтага дакладу спецдакладчыка ААН аб Беларусі. Хаця беларускія ўлады адмаўлялі, але гэта праўдзівы факт, што гэтая інфармацыя была даведзеная.
Мы ведаем, што на планеце Зямля дэмакратычных краін сёння меншасць. Блізу 250 краін у свеце, і дэмакратычных з іх сёння менш, чым недэмакратычных. Ёсць праблема войнаў у Афрыцы, ёсць праблема наркатрафіку, праблема наркавойнаў, парушэнні правоў жанчын ва ўсім свеце. І Беларусь на гэтым фоне з'яўляецца толькі адной са шматлікіх краін, дзе масава парушаюцца правы чалавека. Але з іншага боку, сёння пра тое, што ў Беларусі дыктатура, ёсць палітвязні, ведаюць усе міжнародныя структуры, у тым ліку і Арганізацыя Аб'яднаных Нацый. І гэтае пытанне ўсё адно знаходзіцца пад кантролем. Я думаю, што яно будзе развязанае.
- Думаю, што Святлана Ціханоўская таксама кажа пра вызваленне палітвязняў там, дзе бывае. Несумненна, таму што ў яе ў самой бяда: муж сядзіць на жорсткім рэжыме. Але вынікаў пакуль няма. Чаму?
- Таму што ёсць пэўная самаўпэўненасць і нежаданне карыстацца тым досведам, які ўжо быў у іншых людзей, якія самі былі палітвязнямі, якія змагаліся за вызваленне палітвязняў.
Не адразу Ціханоўская стала выступаць за санкцыі, на жаль, але сёння мы назіраем такую сітуацыю, што сама Ціханаўская нібыта кажа правільныя рэчы, але прадстаўнікі розных яе структур, афіляваных з офісам Ціханаўскай арганізацый, выступаюць за скасаванне санкцый і за неўвядзенне санкцый за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Напрыклад, дарадца Ціханоўскай Мілінкевіч, які з'яўляецца прафесійным адбельвальнікам рэжыму ўжо дзясяткі гадоў. Напрыклад, Гарбунова, якая ў офісе Ціханоўскай адказвае за палітвязняў. Напрыклад, Таццяна Хоміч, сястра Марыі Калеснікавай, якая вельмі шмат паездак ажыццяўляе і ўвесь час выступае супраць санкцый.
Для дэмакратычных краін увядзенне эканамічных санкцый - гэта заўсёды ўдар па сваіх бізнэсах, у пэўнай ступені - па сваіх эканамічных інтарэсах. Калі Ціханоўская кажа, што трэба ўводзіць санкцыі, а людзі, якія стаяць побач з ёй, кажуць, што санкцыі ўводзіць не трэба - яны не ўведзеныя. Лукашэнка сёння не можа таргавацца за вызваленне палітвязняў, бо санкцыі супраць яго рэжыму ўведзеныя за ўдзел ва ўкраінскай вайне ў якасці суагрэсара, за міграцыйны крызіс і за авіятэрарызм. А санкцыі за арышты палітвязняў і масавыя рэпрэсіі маюць сімвалічны характар. Яны тычацца некалькіх дзясяткаў людзей з ягонага рэжыму.
- Пазняк увесь час крытыкуе санкцыі, крытыкуе дэмакратычную супольнасць, тую ж Ціханаўскую за тое, што яна патрабуе санкцыі. І той жа Латушка патрабуе ўзмацнення санкцый. А вы кажаце, што дрэнна, што Гарбунова і сястра Марыі Калеснікавай за тое, каб санкцыі не былі ўведзеныя. Як можна расцаніць такое?
- Зянон Станіслававіч не сядзеў ніводнага дня ў турме, ён ніколі не цікавіўся, як вызвалялі палітвязняў. Палітвязняў у Беларусі заўсёды вызвалялі пасля ўвядзення моцных эканамічных санкцый. Так было ў маім выпадку і Андрэя Саннікава ў 2012 годзе, калі Лукашэнка не атрымаў 3 мільярды крэдыту і выехалі ўсе еўрапейскія амбасадары з Менска, а новы пакет санкцый пагражаў рэжыму.
Так было ў 2007-2008 гадах, калі сённяшняя кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі (на той момант намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі) Наталля Пяткевіч прыехала ў Амерыку і не змагла скарыстацца сваёй аплатнай карткай, бо яна была заблакаваная. Пяткевіч асабіста была зацікаўлена ў тым, каб Злучаныя Штаты Амерыкі скасавалі санкцыі.
Тады былі ўведзеныя санкцыі супраць “Белнафтахіма” і прыгожая камбінацыя з продажам венесуэльскай нафты, якую здабывалі беларускія фірмы, зазнала няўдачу. Сёння Зянон Станіслававіч выступае супраць санкцый, якія ўведзены за вайну. Яны ўведзеныя для таго, каб аслабіць вайсковы і эканамічны патэнцыял беларускай дыктатуры і расейскага рэжыму, бо праз Беларусь абыходзіліся ваенныя санкцыі супраць рэжыму Пуціна.
- Зараз Зянон Станіслававіч прапанаваў запрасіць на Захад прадстаўнікоў Менска і пагаварыць канкрэтна аб вызваленні палітвязняў у абмен на санкцыі. І ў той жа час ён супраць санкцый. Калі б не было санкцый, якія дэмакратычнае грамадства ўвесь час патрабуе, іх узмацнення, то не было б чаго прапаноўваць.
- Зянон Станіслававіч сёння не з'яўляецца гульцом у міжнароднай палітыцы. Безумоўна, ён хацеў бы, каб вызвалілі палітвязняў, як большасць людзей.
Але я думаю, што за гэтым нічога не адбудзецца. Яшчэ раз паўтару: сітуацыя такая, што за парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, за масавыя арышты ворагаў Лукашэнкі, як ён сам мяркуе, санкцыі супраць рэжыму не ўведзеныя.
Цяпер Лукашэнка рэагуе на пагрозы кіраўніцтва Польшчы цалкам закрыць памежныя пераходы з рэжымам Лукашэнкі, калі не будуць вызваленыя палітвязні польскага паходжання ці грамадзянства, калі не будзе спынены міграцыйны крызіс, інспіраваны рэжымам Лукашэнкі, калі не будзе выдадзены забойца польскага салдата. Вось гэта патрабаванні з боку Польшчы. Падобныя патрабаванні і ў краін Балтыі.
Наколькі мне вядома, зараз ідуць перамовы з рэжымам Лукашэнкі ў розных фарматах, дзе абмяркоўваецца пытанне беларускіх палітвязняў, але ў комплексе іншых праблем. І тут ёсць яшчэ адзін гулец у гэтай сітуацыі - Кітай. Мы бачым зараз бясконцыя візіты дастаткова высокіх кітайскіх кіраўнікоў у Беларусь, і іх мэта – акурат не дапусціць спынення транзіту з Кітая ў Еўропу праз Беларусь. Заклікаюць кітайскія таварышы Лукашэнку вызваліць беларускіх палітвязняў, наладзіць стасункі з Польшчай, каб не зачапіць эканамічныя інтарэсы Кітая ў сённяшняй сітуацыі.
- Невялікія крок і для вызваленні палітвязняў Лукашэнка зрабіў. Напрыклад, ужо ў жніўні 30 палітвязняў вызваленыя. Гэта ўжо другая хваля вызвалення палітвязняў паводле ягонага указу. Ці можна гэта расцэньваць як шырокі жэст Лукашэнкі ў бок апазіцыі?
- Безумоўна не, бо за ўсё лета вызвалена 30 чалавек. Мы ведаем, шмат хто з іх быў вызвалены літаральна за пару месяцаў да заканчэння сваіх тэрмінаў. Безумоўна, для сем'яў гэтых людзей - гэта вельмі добрая навіна. Але за той жа час больш за 100 чалавек ужо атрымалі тэрміны паводле новых крымінальных артыкулаў. Мы ведаем, што сёння значна пагаршаецца сітуацыя людзей, якія адбываюць пакаранне на хатняй хіміі і якіх пераводзяць у калоніі ў значна горшыя ўмовы.
Гэта ўжо не першая хваля так званых лібералізацый, вызвалення палітвязняў. Заўжды, калі пачыналіся працэсы лібералізацыі, спыняліся рэпрэсіі. Цяпер мы не назіраем гэтага, набіраюцца новыя закладнікі. І таму заходнія палітыкі, напрыклад - Радаслаў Сікорскі, міністр замежных спраў Польшчы, яны добра ведаюць Лукашэнку, яны не дазволяць падмануць сябе.
І Польшча сёння займае прынцыповую пазіцыю не толькі ў вызваленні палякаў у Беларусі. Напрыклад, Сікорскаму задалі пытанне, калі будзе вызвалены Анджэй Пачобут. Ён сказаў, што вызваленне беларускіх палітвязняў, у тым ліку - Пачобута, абмяркоўваецца ў іншым фармаце з рэжымам Лукашэнкі. І гэта значыць, што пытанне разглядаецца шырэйшае, і я ведаю, што абмяркоўваецца комплекс пытанняў, у тым ліку — звязаных з дзеяннямі Лукашэнкі на ўкраінскім фронце.
- Мне цікава і ваша меркаванне, як можна вызваліць нашых палітвязняў. І не сотню, і не дзве сотні, а ўсіх людзей, якіх пасадзілі.
- Тут не трэба вынаходзіць ровар. Павінны быць канкрэтныя, вельмі балючыя для рэжыму захады. Гэта спыненне транзіту праз беларускую тэрыторыю, блакаванне гэтага транзіту да таго моманту, пакуль не будуць вызваленыя палітвязні.
Мы ведаем, што не дзейнічаюць санкцыі супраць азотных угнаенняў. І ёсць яшчэ шмат такіх балючых эканамічных крокаў для Лукашэнкі, але галоўнае - гэта спыненне транзіту. І гэта магчыма. Гэтым пагражае сёння кіраўніцтва Польшчы ў дачыненні да Лукашэнкі. Калі гэтая прынцыповасць застанецца, то я ўпэўнены, што беларускія палітвязні будуць неўзабаве вызваленыя.