18 снежня 2024, Серада, 12:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Французскі дэпутат: Беларусы - еўрапейцы, Шагал не мог нарадзіцца ў Маскве

8
Французскі дэпутат: Беларусы - еўрапейцы, Шагал не мог нарадзіцца ў Маскве
ФРЭДЭРЫК ПЕЦІ
ФОТА: FRANCAISALETRANGER.FR

Чаму месца Беларусі - у ЕЗ.

Дэпутат французскага парламента Фрэдэрык Пеці амаль кожны дзень праз Twitter гаворыць пра лёсы беларускіх палітвязняў.

У інтэрв'ю сайту Charter97.org ён расказаў, чаму падтрымлівае беларускае супраціўленне, пра глыбокія еўрапейскія карані беларусаў і будучыню Беларусі ў Еўразвязе.

- Вы праводзіце онлайн-кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Як яна праходзіць і як доўга гэта доўжыцца?

- У 2020 годзе ў Францыі было мала палітыкаў, якія цікавяцца падзеямі ў Беларусі. Я адразу пачаў біць трывогу і выказвацца - першыя некалькі тыдняў быў такі неверагодны рытм. Я вельмі хутка зразумеў, што калі буду публікаваць інфармацыю пра аднаго зняволенага кожны дзень, то гэта працягнецца даўжэй за некалькі гадоў. Стараюся, каб пра гэта не забываліся. У мяне кантакты з беларусамі ў Парыжы, Варшаве і Вільні, я змагаюся за сімвалічныя і чалавечыя рэчы.

- Кожны дзень на працягу чатырох гадоў вы публікуеце новую інфармацыю пра чарговага палітвязня ў Беларусі?

- Так, кожны дзень. Я карыстаюся тым, што ў мяне ёсць амаль 15 000 паслядоўнікаў на Захадзе, якія дрэнна ведаюць гэты рэгіён. Ім цікава з іншых прычын, але яны кожны дзень бачаць, што я кажу: "Не забывайце, што ёсць і гэты чалавек, і яшчэ гэты чалавек, і яшчэ гэты", — кожны дзень у Twitter з'яўляецца адна новая асоба. У выніку людзі з Францыі, з Нямеччыны пачынаюць разумець, што адбываецца.

Канешне, гэта не ўсё. Мне не падабаецца слова "інтэрнэт-кампанія", таму што я палітык "ад гэтых земляў". Я займаюся рэчамі, якія носяць сімвалічны характар, але ў тым ліку і аператыўнымі рэчамі, каб паказаць, што гэтая справа таксама нашая.

- А як вы надумалі заняцца беларускім пытаннем першапачаткова?

- Я займаюся падобнымі справамі ўжо 40 гадоў. Я бачыў, як ствараўся Еўразвяз. Гэта вельмі важная рэч, вельмі выключны, прыгожы праект.

Упершыню я прыехаў у Польшчу ў 1986 годзе. Я вельмі добра ведаю гэтую краіну і суседнія з ёй краіны, так званыя “Крэсы”. Я жыў у Літве, працаваў ва Украіне, працаваў на Данбасе, нават быў з прафесійнай місіяй у Беларусі.

Я разумею, што азначае "Рэч Паспалітая ад Балтыйскага да Чорнага мора", і для мяне гэта не проста гучныя словы - для мяне гэта прота-Еўрапейскі звяз. На Захадзе пра гэтую гісторыю мала ведаюць - пра тое, што ў Еўропе была такая спроба, што нягледзячы на канфлікты і непаразуменні паміж людзьмі, можна паспрабаваць стварыць нейкую форму супольнага суіснавання. Вядома, Еўразвяз — найлепшая і самая трывалая форма супрацоўніцтва, але і час быў іншы. Для мяне тое, што здарылася з Рэччу Паспалітай, тое, што адбываецца сёння з вайной ва Украіне, з дыктатурай у Беларусі - гэта глыбінная еўрапейская гісторыя, гісторыя Еўразвязу: “Я магу і я хачу жыць разам з маім ворагам; ён вораг маіх прадзедаў, бабуль і дзядуляў, бацькоў, але мы будзем жыць і працаваць разам”. Вядома, для Еўразвязу таксама важны, напрыклад, нямецка-польскі-французскі фармат Веймара (трохбаковая рэгіянальная група, створаная ў 1991 годзе для развіцця супрацоўніцтва паміж Польшчай, Нямеччынай і Францыяй - заўв. рэд.) або гісторыя Балкан.

- Вы думаеце, што Рэч Паспалітая (у якую ўваходзілі тэрыторыі цяперашніх Польшчы, Літвы, Украіны, Беларусі) была праектам, які аналагічны Еўрапейскаму звязу?

- Вядома. Падобна, як і ў франка-нямецкай гісторыі прынцып: “Мы ваявалі, ты мой вораг, ці ў цябе іншыя інтарэсы, але мы можам паспрабаваць працаваць разам. Мы не будзем развязваць гэта тым, што ты мацнейшы ці большы. Мы развязваем гэтую праблему разам. Мы будзем адаптавацца”.

Хачу нагадаць, што ў Рэчы Паспалітай пражывала як мінімум некалькі народаў: палякі, літоўцы, украінцы, беларусы, габрэі, татары. Напрыклад, Трокі, горад за 10 кіламетраў ад Вільні, быў мусульманскім горадам.

— Не маглі б вы расказаць крыху пра сябе?

- У Францыі ў нас ёсць акругі для французаў за мяжой. Мяне абралі ў Нацыянальны збор французы, якія пражываюць у Нямеччыне, Цэнтральнай Еўропе і на Балканах, упершыню яны абралі мяне ў 2017 году. Як толькі я там апынуўся, я, як кажуць, на ўласнай скуры ўсвядоміў, што французы, нават прэзідэнт, нават урад не ведаюць толкам, што адбываецца ў гэтых рэгіёнах і ў чым палягае, напрыклад, супольная абарона. Як можна стварыць супольную абарону з палякамі, не гледзячы на Усход? Гэта немагчыма, гэта трэба зрабіць. Гэта не значыць, што трэба ваяваць з расейцамі, але трэба разумець, што тут адбылося, якая ва ўсяго гэтага гісторыя. Для мяне гэта было відавочна і вельмі важна.

Вяртаючыся да Беларусі, у ліпені 2020 года я быў адзіным у Парыжы, хто казаў пра гэтыя першыя маршы — і гэта было да выбараў. Памятаю, як я спрабаваў распавесці на французскай тэлевізіі пра тое, што адбывалася ў Менску за два тыдні да выбараў, і людзі казалі: “Ну, гэта далёкае, нешта невядомае...” Павольна, з гадамі, французская грамадскасць пачала разумець, што гэта вельмі важна. Вядома, калі пачалася вайна, шмат хто зразумеў, што гэта нашая справа, гэта нашая Еўропа. Гэта не імперыялістычная Еўропа, гэта Еўропа супрацоўніцтва. Гэта дзве мадэлі. Напалеон быў узорам імперыялістычнай мадэлі, а мы змагаемся за мадэль супрацоўніцтва. А Крэмль зараз змагаецца за імперыялістычную мадэль: “Я мацнейшы. Я буду рабіць тое, што хачу”.

- Поўнамаштабная агрэсія Расеі ва Украіне - гэта працяг вайны паміж імперыялізмам і альтэрнатыўнай мадэллю?

- Каб жыць мірна, развівацца, каб мае дзеці і ўнукі былі шчаслівыя, ці павінен я знішчыць свайго ворага? Ці магу я, як чалавек, паспрабаваць зрабіць яшчэ нешта? Вось пра што гэтае супрацьстаянне.

У Парыжы ніхто гэтага не ведае, але ёсць расейскае выслоўе: “Дзе ў Расеі межы? Іх няма”. У Расеі няма межаў - гэта не я кажу, гэта яны самі так пра сябе кажуць: у іх няма межаў! Як можна супрацоўнічаць, калі няма межаў? Мяжа - гэта не сцяна. Мяжа - гэта адказнасць. Як і з суседзямі: я адказваю вось адсюль, а ты - адсюль. Немагчыма быць адказным, калі няма меж. Той, хто кажа, што ў яго няма межаў, ці што ягоная мяжа там, дзе ягонае войска — з ім немагчыма супрацоўнічаць. Ён імперыяліст, і нам давядзецца з ім змагацца — у імя ідэй Еўразвязу. "Нас 27, але мы будзем працаваць разам". У Нямеччыны, Італіі, Францыі, Літвы, Мальты розныя інтарэсы, але яны жадаюць працаваць разам. Вось гэты прынцып, гэтая ідэя зазнала напад з боку Крамля.

- Ці бачыце вы будучыню Беларусі ў Еўразвязе?

- Так. Ёсць рэчы сімвалічнага характару, якія могуць падацца няважнымі, але я думаю, што яны вельмі істотныя, бо культура важная. Аднойчы ў мяне была доўгая размова з прадстаўніком кабінета ў выгнанні, і ў канцы я спытаў: "Што мы можам зрабіць?" Ён адказаў: “У Францыі, дзе ёсць працы Шагала, можна сцерці ўнізе “расейскі мастак” і напісаць “беларускі мастак”. Для мяне гэта было неймаверна, але і вельмі сімвалічна, бо я перакананы, што Віцебск - гэта быў еўрапейскі горад. Шагал не мог нарадзіцца ў Сібіры ці Маскве - гэта было б іншае.

- У кнізе "Маё жыццё" Шагал пісаў, Парыж - "мой другі Віцебск".

- "Маё жыццё" Шагала - еўрапейскі тэкст, у тым ліку і таму, што ён не пазбягае канфліктаў. Таму што Еўропа - гэта не значыць "мы згодныя, бо ўсё добра". Не, канфлікты ёсць. На сваіх публічных сустрэчах, калі я тлумачу, што для мяне значыць Еўразвяз, я часта кажу, што адзінае месца, дзе няма канфліктаў, гэта могілкі, а я не спяшаюся там пабываць. Дарослы чалавек развязвае свае канфлікты не як дзіця, не як жывёла ў джунглях і не як баксёр на рынгу. Мы павінны знайсці гуманістычныя шляхі развязання канфліктаў, і гэта адбываецца з часоў Рэчы Паспалітай.

Міцкевіч - ён паляк, беларус ці літовец? Акрамя таго, Міцкевіч удзельнічаў у Гамбахскім свяце, калі немцы выбіралі сцяг. Міцкевіч быў з імі як немец. Ён прытрымліваўся фармату "мы розныя, але трэба працаваць разам" - гэта адна і тая ж гісторыя. Найлепшы фармат - гэта сённяшні Еўразвяз - прынамсі, не горшы, скажам так, незавершаны.

У сітуацыі пасля выбараў у Менску ў 2020 годзе, для мяне было зразумела, што я павінен працягваць тлумачыць, выказвацца, нагадваць, што тое, што адбываецца там, — гэта не далёкая гісторыя, нейкія праблемы дзесьці ў свеце. Не, гэта нашая гісторыя.

У Музеі Салідарнасці ў Гданьску вісіць сцяг Польскай Салідарнасці. З 2020 года дадалі бел-чырвона-белы сцяг з надпісам на беларускай мове - гэта тая ж гісторыя.

- Што б вы хацелі сказаць сваякам беларускіх палітвязняў, якія будуць чытаць гэтае інтэрв'ю?

- Гэта будзе доўга, але ў канчатковым выніку дэмакратыя заўсёды перамагае.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках