Арменія падала ў Дзярждэп ЗША запыт аб супрацоўніцтве аб мірным атаме
6- 22.08.2024, 18:03
- 2,138
Ерэван дыстанцуецца ад РФ.
Арменія адправіла ЗША заяўку на далучэнне да «Пагаднення 123» — дакумента аб супрацоўніцтве ў галіне мірнага атама, паведаміў CivilNet са спасылкай на прадстаўніка амерыканскага Дзярждэпартамента.
«Урад ЗША не дзеліцца падрабязнасцямі перамоўнага працэсу, але Дзярждэпартамент надае належную ўвагу просьбе Арменіі далучыцца да «Пагаднення 123», - паведамілі ў Дзярждэпе ў адказ на запыт CivilNet. Там адзначылі, што ЗША вітаюць перспектыву паглыблення ядзернага супрацоўніцтва з Арменіяй.
«Пагадненне 123» названае ў гонар раздзела 123 амерыканскага закона аб атамнай энергетыцы, які патрабуе ўкладання пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне мірнага атама для адпаведных паставак. Дакумент дае аснову для тэхнічных абменаў, суольных навуковых даследаванняў і дыскусій аб гарантыях.
Як адзначае CivilNet, перамовы аб укладанні пагаднення звычайна зацягваюцца на гады. Найхутчэй такі дакумент ЗША падпісалі з Філіпінамі, тады праца над ім доўжылася год.
Арменія паскорыла збліжэнне з краінамі Захаду ў 2023 годзе, пасля таго як армянскі прэм'ер-міністр Нікол Пашынян абвінаваціў Расею і АДКБ у бяздзейнасці падчас нагорна-карабахскага канфлікту.