У Белавежскай пушчы зацвіла рэдкая рэліктавая расліна
2- 21.08.2024, 11:26
- 10,608
Доўгі час меркавалася, што ў Беларусі такое ўбачыць немагчыма.
У Белавежскай пушчы зацвітае рэдкая рэліктавая расліна - плюшч звычайны. У нашай краіне гэта адзіная вечназялёная дрэвападобная ліяна, якая расце ў дзікай прыродзе, паведамляе навуковы аддзел нацыянальнага парка "Белавежская пушча".
Доўгі час меркавалася, што ў Беларусі праз даволі суровыя зімы немагчыма ўбачыць кветкі плюшчу. Аднак у апошнія дзесяцігоддзі цвіценне ліяны ў натуральных умовах было заўважана ў самых цёплых раёнах Берасцейскай вобласці - у наваколлях гарадоў Берасце і Высокае.
У Белавежскай пушчы цвіценне плюшчу доўгі час не рэгістравалася. Першыя прыкметы таго, што расліна вось-вось заквітнее, былі адзначаны ў нацыянальным парку яшчэ ў 2008 годзе - у ліяны з`явіліся лісце асаблівай, так званай, "светлавой" формы (не трох-ці пяціканцовыя, а яйкападобныя), аднак суквецці былі зусім слабыя, амаль неразвітыя.
Сёлета плюшч зацвіў па-сапраўднаму. Забраўшыся на старую бярозу ля узбочыны дарогі на вышыню больш за 7 метраў, ліяна знайшла невялікае сонечнае «акенца» ў густым драўняным спадзе і выпусціла маленькія шарападобныя парасонавыя суквецці з бутонамі дробных зялёных кветак.
Плюшч звычайны або, па-навуковаму, Hedera helix L. – не проста рэдкая расліна, яна ўключаная ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь у статусе знікаючай расліны ІІ катэгорыі нацыянальнай прыродаахоўнай значнасці.