The Times: Жнівень — пракляты для Пуціна месяц
3- 14.08.2024, 16:43
- 10,382
У Расеі заўсёды было горача ў гэтым летнім месяцы.
Раптоўнае ўварванне УСУ ў Курскую вобласць стала смяротным ударам па доўгім кіраванні Пуціна, яно зрабіла яго першым з часоў Другой сусветнай вайны лідарам, які саступіў расейскія тэрыторыі замежнаму войску, піша The Times. Злавеснае і тое, што ўкраінскае войска пачало сваю аперацыю ў жніўні.
Для РФ гэта месяц катастроф і ўзрушэнняў, пачынаючы з няўдалага ў 1991-м перавароту супраць Міхаіла Гарбачова.
«З тых часоў, апроч катастрофы падводнай лодкі «Курск», жнівень стаў месяцам буйных тэрарыстычных нападаў, стыхійных бедстваў і разбуральнага фінансавага крызісу, - тлумачыць СМІ. — Паколькі да канца засталося больш за два тыдні, Пуцін, відаць, пытаецца ў сябе, ці не стане ён чарговай ахвярай жнівеньскага праклёну».
Аднак некаторыя аналітыкі мяркуюць, што пасля апошніх падзей расейцы пагодзяцца з тэзісам дыктатара аб тым, што вайна была неабходная «для прадухілення прэвентыўнага нападу Кіева і яго хаўруснікаў па НАТА». Таму кіраўнік аналітычнага цэнтра Карнэгі-Расея-Еўразія Аляксандр Габуе ўважае за малаімаверным, што наступствы курскай аперацыі будуць доўгатэрміновымі для расейскага дыктатара. Калі, вядома, сітуацыя не стане яшчэ горшай.
У матэрыяле таксама нагадалі, што Украіна, магчыма, захоча абмяняць тэрыторыю Курскай вобласці на частку зямель, якія знаходзяцца пад расейскай акупацыяй. Але Пуцін, відавочна, не настроены на дыялог з Кіевам. Больш за тое, ён можа ўжо планаваць сваю помсту, хаця наступленне УСУ яшчэ не скончылася.