Найбуйнейшая нафтакампанія Расеі просіць знізіць падаткі
5- 14.08.2024, 16:28
- 6,374
«Раснафта» ідзе на дно.
Найбуйнейшая расейская нафтакампанія «Раснафта» прапанавала ўлічваць транзакцыйныя выдаткі ў суме $3 даляры за барэль у экспартных каціроўках нафты для разліку падаткаў.
Як паведамляе «Коммерсант», прапанову змяніць экспартныя індыкатары пісьмова ўнёс у адміністрацыю расейскага дыктатара Пуціна кіраўнік кампаніі Ігар Сечын.
Таксама «Раснафта» прапанавала ўвесці новы адзіны індыкатар – сярэднеўзважаны кошт нафты ў расейскіх партах на базісе FOB (Free on Board), у якую ўключаныя выдаткі на фрахт і дысконты што да эталоннага гатунку Brent.
Сечын абгрунтаваў узровень транзакцыйных выдаткаў ускладненай праз санкцыі маршрутызацыяй выплат і выдаткамі на фінансаванне, якія ўзраслі ў сувязі з павелічэннем тэрмінаў паступлення валютнага прыбытку на фоне падаўжэння ланцужка разлікаў і ўзмацнення кантрольных працэдур у банках-карэспандэнтах. Акрамя таго, «Раснафта» просіць уключыць у методыку разліку сярэднеўзважанай цаны аб'ёмы паставак расейскага гатунку Urals для расейскіх НПЗ, якія з пункту гледжання цэнаўтварэння, паводле ацэнкі кампаніі, альтэрнатыўныя экспарту ў парты заходняга кірунку.
Цяпер для разліку падатку на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ) і падатку на дададзеную вартасць (ПДВ) выкарыстоўваецца большая з двух каціровак, якiя вызначаюцца цэнавым агенцтвам Argus - North Sea Dated мінус дыферэнцыял $20 за барэль, або сярэдняя цана на базісах FOB Прыморск і FOB Новарасійск плюс $2 за барэль.
Апошні індыкатар выявіўся большым, і на думку Сечына, гэтая «віртуальная цана» марскіх паставак нафты з Расеі на закрытыя еўрапейскія рынкі не мае нічога агульнага з рэальнымі ўмовамі працы нафтакампаній.