У Менску каля метро «Грушаўка» пачалі будаваць новы ЖК
4- 14.08.2024, 16:12
- 6,126
Але не для ўсіх.
У Менску раён Грушаўкі прадаўжаюць актыўна забудоўваць «квадратамі». З боку праспекта Дзяржынскага віднеецца перспектыўны аднайменны квартал з 20-павярховых гмахаў, які будуе «ГрандХаўзІнжынірынг», і, здавалася б, уся ўвага засяроджаная цяпер на ім.
Але, калі зазірнуць углыб мікрараёна, бліжэй да скрыжавання вуліц Розы Люксембург і Шчорса, можна заўважыць рух тэхнікі на яшчэ адной важнай для горада будпляцоўцы. Тут пад кіраўніцтвам УКБа «Захад» ужо вырас першы ўзровень 17-павярховага панэльнага слупка. На гэта звярнула ўвагу аўтарка тэлеграм-канала «Литовская о жилье» Наталля Літоўская.
Нагадаем, «квадраты» ў новым квартале недалёка ад праспекта Дзяржынскага плануюць размяркоўваць сярод шматдзетных па накіраваннях ад раённых адміністрацый.
У планах УКБ - узвесці дзевяціпавярховік з гаражом у стылабатнай частцы, слупок на 17 узроўняў і асобную паркоўку. Уздоўж вуліцы Фаніпальскай, а таксама на яе скрыжаванні з 3-й вуліцай Шчорса з'явяцца два трохсекцыйныя сяміпавярховікі з уласнымі ўбудаванымі гаражамі, 15-павярховы гмах і паркінг.
Пяць мапідаўскіх гмахаў, вялікі, закрыты ад аўто двор, шматузроўневыя паркінгі і плоскасныя стаянкі — вось што абяцаюць пабудаваць менчукам. Праўда, пераехаць у новы квартал змогуць не ўсе ахвочыя.
Па плану кватэры ў ЖК з незвычайнымі зонамі адпачынку і арыгінальнымі дзіцячымі пляцоўкамі дастануцца чаргавікам.