Вяскоўка: У нас было ўсё, пакуль Лукашэнка не ўзяўся за вёскі
35- 14.08.2024, 11:50
- 13,214
Праграма "адраджэння вёскі" ад рэжыму працуе ў адваротны бок.
Як рэжым Лукашэнкі знішчыў беларускія вёскі? Пра гэта сайту Charter97.org расказала чытачка:
- Сяло нашае было досыць вялікае, ды як любілі казаць — перспектыўнае. У вёсцы была і харчовая крама і сталоўка, і крама прамысловых тавараў, і школа, і дзіцячы садок. Адным словам, жыццё ў нас віравала. Адных статкаў кароў было ажно тры. А яшчэ быў сельскі клуб з танцамі, а ўлетку наша вёска гула ад дзіцячага смеху і віскату.
Сёння мне мой аповед пра сваю малую радзіму самой падаецца фантастычным.
Усё ў нас было, пакуль не было ў нас прэзідэнта. Сёння села падзяліцца сваімі ўспамінамі, дык самая здзівіліся, як толькі за 30 гадоў удалося знішчыць, або як сам дыктатар казаў “адрадзіць сяло”.
Адрадзіў ды адрадзіў. Няма ўжо ў нас ні крам, ні сталоўкі. Ад з 2 паралеляў школы засталося па адным класе, куды, каб дабраць вучняў хаця б да 10 дзяцей, возяць школьнікаў з суседніх вёсак.
І вось тут як абухом па галаве. З экранаў “дэбільнасці” (мы іх тут так называем) чуем: мы пра вас клапоцімся, усялякім чынам вас падтрымліваем. Вось бачыце, да кожнай вёскі ездзіць стратная аўтакрама, якая фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту.
Дык вось які ён, клопат пра вёску, што цягам 30 гадоў наша вёска ператварылася з люднага месца ў край занядбаных хат і бясконцых палеткаў, на якіх няма каму працаваць. І нам з панскага пляча пасылаюць аўтамабіль з прадуктамі. Каб мы з голаду не папухлі.
Мне вось адно цікава, як гэтыя крамы, не маючы ніякай канкурэнцыі, могуць яшчэ і працаваць са стратамі.
Што тут яшчэ дадаць… Вось дык клопат!