18 снежня 2024, Серада, 12:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генерал-маёр СБУ расказаў аб расколе ў асяроддзі Пуціна праз Курскую аперацыю УСУ

4
Генерал-маёр СБУ расказаў аб расколе ў асяроддзі Пуціна праз Курскую аперацыю УСУ
Віктар Ягун

Сілавікі супраць вайскоўцаў.

Заходнія СМІ са спасылкай на ўкраінскіх чыноўнікаў пішуць, што адной з цэляў Украіны ў аперацыі ў Курскай вобласці з'яўляецца “дэстабілізацыя Расеі”.

Ці можна дасягнуць гэтай мэты? Ці сапраўды масквічы будуць перажываць за лёс жыхароў Курска? Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагаварыў з экс-намеснікам кіраўніка Службы бяспекі Украіны, генерал-маёрам у запасе Віктарам Ягунам:

- Будзем сумленнымі, калі пачыналася гэтая аперацыя, мы разумелі, што гэта быў першы ўзровень, тактычны. Цяпер мы выходзім на стратэгічны ўзровень. Але стратэгічную задумку ўкраінскай улады цяпер ніхто не ведае, увогуле. Мы толькі тэарэтычна можам казаць аб гэтай мэце.

Калі казаць аб дэстабілізацыі ўнутры Расеі, то я думаю, што аперацыя ў Курскай вобласці не зможа гэтага зрабіць. Вядома, гэта падарве асновы, на якіх стаіць база ідэалогіі Пуціна, што ён нібыта можа гарантаваць бяспеку расейцаў узамен на частку нейкіх правоў. Маўляў, "я забяру ў вас свабоду слова, свабоду волевыяўлення, нейкія там іншыя вашы правы", а замест гэтага "дам бяспеку, стабільнасць, усё будзе добра, нашы межы ніхто не пяройдзе".

У гэтым плане – так, аперацыя ў Курскай вобласці падарвала нейкія моманты. Але масквічы сапраўды не будуць перажываць за жыхароў Курска, як яны не перажывалі за белгародцаў. Ужо зараз можна паглядзець аб'явы ў газетах, дзе масквічы пішуць: "Здаем кватэру, але толькі не ўцекачам". Некаторыя нават удакладняюць, што ўцекачам з Курска, Белгарада і іншых прымежных абласцей.

Гэта такоя ўзаемная "любоў" масквічоў да рэгіёнаў, яна цяпер вельмі ярка выяўляецца. Масквічам да аднаго месца, што там зараз адбываецца. Прычым ёсць цікавая інфармацыя аб мысленні масквічоў, гэта пацвердзіў і мой таварыш з размовы сваякоў. Дык вось, масквічы тэлефанавалі і казалі: «У нас тут ходзяць чуткі, што ёсць дамоўленасць, што вы, украінцы, нам аддаяце частку Украіны, а мы вам аддаём гэтае прымежжа, дзе нашыя «хахлы» жывуць, гэта Курская, Бранская, Варонежская, Белгародская вобласць».

І гэта гаворыць чалавек, які мае доктарскую ступень, гэта значыць нават на бытавым узроўні яны не абураныя тым, што ўпершыню за 80 гадоў нехта перайшоў мяжу Расеі і захапіў частку яе тэрыторыі.

- Ці паўплывае няўдача у Курскай вобласці на пазіцыі Пуціна сярод расейскіх эліт? Бо ён, мякка кажучы, зараз паўстае перад імі ў не самым лепшым святле.

- Думаю, што гэта эфектыўна падарвала яго пазіцыі, пайшлі ўсякія трэшчынкі ў яго іміджы, і чым бліжэй да яго, тым больш недаверу. Гэта вельмі выразна выявілася ў тым, што Дзерыпаска ў Японіі заявіў, ён нават не саромеўся ў выразах. Я так разумею, некаторых ужо проста прарывае. Расейцы шмат страцілі, нягледзячы на ўсе гэтыя пераможныя рэляцыі, што ўсё нармальна, што будзе сёлета прырост на 3% ВУП і гэтак далей.

Ну гэта ж усё штучна нацягнута, таму ўсе разумеюць, што сітуацыя не самая радасная. Імпартазамяшчэнне не ідзе так, як яны хочуць, ёсць праблемы і ў розных іншых кірунках - і ў перавозках, і ў рэалізацыі тых ці іншых прадуктаў, якія Расея заўсёды спрабавала на заходні рынак пастаўляць.

Усё гэта вельмі моцна ўпала, і расейцы не ведаюць, як з гэтага выходзіць. Калі яны думаюць, што марганцавыя руды, якія яны хочуць здабываць на акупаванай тэрыторыі, ім дапамогуць, то гэта вялікая памылка.

- Калі назіраць за расейскім інфармацыйным полем, ёсць шмат ліній канфліктаў, якія абвастрыліся падчас Курскай аперацыі УСУ. Z-блогеры і Мінабароны РФ, шмат прэтэнзій да Кадырава. Да чаго могуць прывесці гэтыя канфлікты?

- Кадыраў - гэта асобная гісторыя, гэта ўнікальная сітуацыя ў Расеі, якая ў свой час дасць не проста расколіну, а можа быць тэктанічны разрыў. Гэта адзіны рэгіён, дзе ёсць свае ўзброеныя сілы, якія падпарадкаваныя толькі свайму лідару. Гэта не проста ўзброеныя сілы, а сур'ёзная вайсковая групоўка, якая па колькасці набліжаецца да войска Беларусі.

У Беларусі 43 тысячы вайскоўцаў, а ў Кадырава, калі ўзяць усіх сілавікоў, то гэта будзе блізу 50-60 тысяч. Калі яны адціснулі ў Прыгожына тэхніку, то атрымалі танкі. Ёсць пацверджаная інфармацыя, што Кадыраў сказаў не ўлазіць у вайсковыя канфлікты, не прымаць удзел у нейкіх актыўных баявых дзеяннях, захоўваць асабовы склад, адыходзіць ад баёў. Калі патрапілі ў палон, то яны спрабуюць выцягнуць усіх да аднаго, прычым адзін да дзесяці мяняюць.

Таму Кадыраў - гэта асобная гісторыя, і многім яна не падабаецца. Што да лаянкі, там не толькі так званыя ваенкары патрапілі пад раздачу, таму што яны спрабуюць нейкую ўмоўную праўду расказаць.

Пад раздачу патрапіў і сусед Лукашэнка, які казаў, маўляў, што “мы дамовіліся з украінцамі і войскі свае забіраем”. Тут жа і адказ прыляцеў: “А, вы забіраеце войскі, а ўкраінцы свае войскі выкарыстоўвалі ў Курску”. Хоць гэта і не адпавядае праўдзе, але факт застаецца фактам.

А зараз пойдзе яшчэ цікавая сітуацыя: яны ж аб'явілі не працяг «СВА», «спецыяльнай ваеннай аперацыі» на сваёй тэрыторыі, яны абвясцілі ўвогуле ўнікальную рэч — “контртэрарыстычную аперацыю”, якая будзе ўзначальвацца Бортнікавым. Гэта ўвогуле нейкая такая сітуацыя, якая выходзіць за рамкі здаровага разумення.

Асобна куратарам усяго гэтага паставілі Дзюміна, прасочваецца разлом паміж вайскоўцамі і сілавікамі. Але гэта ж ваенная аперацыя павінна быць, гэта ж працяг вайны. Замест таго, каб назваць гэта ўсё вайной, сказаць хоць нейкую праўду народу, што ідзе вайна і трэба вызваляць свае землі, у Крамлі гавораць аб “контртэрарыстычнай аперацыі”.

Я сёння паглядзеў па сумах, "контртэрарыстычная аперацыя" не прадугледжвае тыя выплаты, якія ідуць на "СВА". Хто будзе прымаць удзел у КТА? Спецназ ФСБ, Расгвардыя, жаўнеры тэрміновай службы? Глыбока сумняваюся, што яны змогуць справіцца з падрыхтаванымі брыгадамі Узброеных сіл Украіны і выцесніць іх з тэрыторыі Расеі.

Тут будзе канфлікт інтарэсаў: хто будзе ваяваць і за якія грошы. Выходзіць, што Пуцін не давярае нікому, у першую чаргу вайскоўцам, прызначаючы гэтую “контртэрарыстычную аперацыю”.

Мы, дарэчы, ва Украіне гэта праходзілі, і гэта першапачаткова мела нейкі свой эфект, калі аб'явілі АТА на чале з СБУ ў 2014-м годзе. Але потым лагічна дашлі да таго, што гэта ўсё ж франтавая аперацыя, павінны яе весці вайскоўцы, генералы, якія разумеюць, што такое вайсковыя аперацыі. Мы і перайшлі да зусім іншага фармату, дзе СБУ заняла сваё пачэснае месца ў Сілах абароны.

Расея гэтага альбо не разумее, альбо спрабуе навесіць нейкія неразвязальныя праблемы на пэўныя структуры. Будзем глядзець, ёсць вельмі шмат цікавых рэчаў, якія зараз будуць адкрывацца.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках