«Будзе толькі горш, дзядуля стаміўся»
9- 10.08.2024, 15:19
- 21,584
Расейскім прапагандыстам не спадабалася ідэя Пуціна.
Расейскія ультрапатрыёты расчараваныя «бяззубай» рэакцыяй Крамля на наступ украінскіх сілаў у Курскай вобласці.
Яны абураныя праз тое, што ўлады РФ замест афіцыйнага абвяшчэння вайны ўвялі на Куршчыне, Браншчыне і Белгарадчыне рэжым контртэрарыстычнай аперацыі (КТА).
Асабліва моцна абураецца расейскі вайсковец і Z-блогер Ягор Гузенка (Трынаццаты), паведамляе Диалог.UA.
Акупант рэзка раскрытыкаваў расейскія ўлады і асабіста дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна за КТА.
«На трэці год вайны мы ўсё прадаўжаем ужываць трохлітарныя найменні таму, што завецца адным словам – вайна. Праўда, сёй-той баіцца гэта прызнаць… Змрочныя “геніі”, вы прыдумалі ўвесці гэты рэжым толькі для таго, каб паказаць выгляд актыўнай і бурнай дзейнасці, які на справе роўны нулю. Вайну вайной смеласці не стае назваць… Відаць, што дзядулі стаміліся: што Рыгоравіч (дыктатар Беларусі Лукашэнка – рэд.), што Уладзіміравіч (Пуцін – рэд.). Усе баяцца “заходніх партнёраў” пакрыўдзіць. (Б'юць – рэд.) беспілотнікамі (украінцы – рэд.), заходзяць, куды хочуць, робяць, што хочуць! (...) Пляваць. А мы нарады праводзім і гатоўнасці абвяшчаем», – скардзіўся Трынаццаты.
Яшчэ адзін расейскі Z-канал «ВДВ за честность и справедливость», звязаны з вайскоўцамі РФ, выказаў упэўненасць, што ўвядзенне КТА толькі пагоршыць становішча ў Курскай вобласці.
«Спачатку было “СВА”, цяпер ужо абвясцілі КТА… На “СВА” старэйшыя вайскоўцы, а на КТА старэйшыя ФСБэшнікі. За знішчэнне ворага на “СВА” адказвае МА (Мінабароны – рэд.) і ГШ (Генштаб – рэд.), за знішчэнне ворага на КТА адказвае ФСБ. Гэта дзве зусім розныя аперацыі. Два зусім розныя камплекты войскаў. Як будзе праводзіцца ўзаемадзеянне паміж гэтымі аперацыямі? Хто будзе каардынаваць дзеянні гэтых дзвюх аперацый? Штаб АГВ у Растове ці Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт? Як гэта ўсё разам будзе працаваць, як будзе працаваць агульная сістэма кіравання гэтымі дзвюма аперацыямі?
Адказ: ды ніяк. І зараз пачнецца яшчэ большы бардак і разлад у войску. Пачнецца “перацягванне” войскаў паміж аперацыямі, пачнецца высвятленне, хто старэйшы. Увогуле, нічога добрага нам ад гэтага не чакаць… Будзе толькі горш», – напісалі вайскоўцы РФ.
Яны выказалі ўпэўненасць, што вайну з Украінай хутка пачнуць згортваць, бо «людзей не стае, баявая тэхніка становіцца дэфіцытам».
«Даваяваліся… “Дзякуй” ГалоўДзядам і іх стаўленікам», – напісаў Z-канал.