У Менску на чыгуначных шляхах адбылася выцечка небяспечнага рэчыва
2- 10.08.2024, 12:45
- 3,222
У МНС расказалі падрабязнасці.
У Менску на чыгуначных шляхах каля вуліцы Казінца 9 жніўня адбылася цеча раствору бензілхларыду. Як расказалі ў МНС, ён пацёк з кантэйнера пры фармаванні саставу цягніка.
Інцыдэнт адбыўся ў 14:30, у 15:50 супрацоўнікі «Беларускай чыгункі» перавезлі вагон на станцыю «Мінск-сартавальны», каб ліквідаваць цечу, расказалі ў МНС.
Бензілхларыд – гэта бясколерная вадкасць з вельмі рэзкім пахам. Яе ўжываюць як прамежкавае хімічнае злучэнне пры вытворчасці пэўных фарбавальнікаў і фармацэўтычных прадуктаў, а таксама ў якасці праяўляльніку фатаграфій.
Пры ўдыханні бензілхларыду чалавекам можа адбыцца моцнае раздражненне верхніх дыхальных шляхоў, скуры, вачэй, слізістых абалонак, ацёк лёгкіх.
Як расказалі ў МНС, супрацоўнікі ўстановы забяспечылі бесперабойную падачу вады для ахаладжэння кантэйнера са 100°C да 23°C і асаджэння пароў рэчыва. Потым кантэйнер выявілі і пачалі даставаць рэчыва.
Паводле інфармацыі МНС, ніхто не пацярпеў, людзей не эвакуявалі. «Пагрозы жыццю і здароўю насельніцтва няма», – праінфармавалі ва ўстанове.
Прычына здарэння пакуль невядомая, але ў спецыялістаў ёсць версія: пры транспартаванні кантэйнера з бензілхларыдам парушылася цэласнасць ёмістасці.