СМІ: Звольнены дэкан Мікалая Лукашэнкі
11- 10.08.2024, 10:18
- 20,968
За апошнія некалькі гадоў біяфак БДУ страціў шмат каштоўных спецыялістаў.
Дэкан біялагічнага факультэта БДУ Вадзім Дзямідчык, як мяркуецца, быў звольнены некалькі месяцаў таму. Нядаўна ягонае імя прыбралі са старонкі на сайце біяфака, дзе названыя супрацоўнікі дэканата. Менавіта на гэты факультэт некалькі гадоў таму паступіў Мікалай Лукашэнка.
Невядома, чаму Дзямідчыка пазбавілі працы. Але на біяфаку называюць такую магчымую прычыну: цяпер ужо экс-дэкан недастаткова актыўна звальняў супрацоўнікаў факультэта з палітычных прычынаў, піша «Наша Ніва».
І гэта пры тым, што за апошнія некалькі гадоў біяфак страціў шмат каштоўных спецыялістаў. Напрыклад, моцна пацярпела кафедра батанікі, адкуль з ідэалагічных прычынаў звольнілі некалькі дасведчаных выкладнікаў.
Вадзім Дзямідчык узначаліў біялагічны факультэт БДУ ў сакавіку 2019-га. Шмат студэнтаў і выпускнікоў біяфака бралі ўдзел у пратэстах, некаторыя з іх сталі палітвязнямі – напрыклад, Ягор Канецкі, адзін з фігурантаў «справы студэнтаў» і актывіст «Свабоднага прафзвязу».